У Канах адкрыўся кінафестываль. Уключэнне «Белсату» з месца падзеяў


Адмысловая карэспандэнтка «Белсату» Ганна Любакова будзе мець наўпроставае ўключэнне з Канаў у сённяшнім выданні «Студыі «Белсат» ды адмыслова для старонкі Belsat.eu a 21:00.

Сачыце за нашым афіцыйным «Тўітэрам». Ганна Любакова наўпрост з Канаў публікуе там эксклюзіўныя здымкі ды каментары.

Карэспандэнтка «Белсату» Ганна Любакова распавядае з Канаў пра цікавінкі кінафестывалю. Відэа:

https://www.youtube.com/watch?v=YQPAD6i5f5o

Галоўныя прэм’еры Канскага кінафестывалю – матэрыял «Агляду падзеяў культуры». Відэа:

https://www.youtube.com/watch?v=5fIAUp-wMFA

Ганна Любакова пра захады бяспекі і фаварытаў Канскага кінафестывалю. Відэа:

https://www.youtube.com/watch?v=6kdnReSK_Lg

Матэрыялы даступныя ў нашых сацсетках пад адмысловым гэш-тэгам #cannesBY.

Асноўную праграму Канскага кінафестывалю адкрые сёння, 11 траўня, слынны амерыканскі кінарэжысёр, актор і прадзюсар Ўудзі Ален (Woody Allen).

На залатую пальмавую галінку ў гэтым годзе прэтэндуе 21 карціна. Сотні фільмаў будуць паказаны ў розных катэгорыях, дзясяткі тысяч прафесіяналаў кінаіндустрыі зʼехаліся ў Каны з усяго свету. Па ўзроўні цікавасці з боку медыяў Каны параўнальныя, бадай што, з алімпійскімі гульнямі і чэмпіянатамі свету па футболе, адзначае Euronews.com.

Сёлета на Канскім кінафестывалі пакажуць беларускую стужку «Адной крыві» рэжысёра Мітрыя Сямёнава-Алейнікава. Свой фільм «Love in Porn» пра людзей, якія працуюць у порнаіндустрыі на кінафестывалі пакажа таксама беларуска Ксенія Ёрш.

У 2000 годзе ў Канах была створаная нават спецыяльная пляцоўка «Village International», «вітрына сусветнага кінематографу», якая мела дэманстраваць дасягненні нацыянальных кінематографаў. Ва ўласных павільёнах прадстаўнікі краін-удзельніц форуму знаёмяць наведнікаў са сваймі дасягненнямі ў галіне кіно, праводзяць дзелавыя сустрэчы, заводзяць карысныя знаёмствы. Беларусь не апынулася ў баку ад гэтага культурнай падзеі і пяць гадоў таму атрымала ўласнае месца на пляцоўцы.

На жаль, наша знаходжанне ў французскай Рыўеры было нядоўгім: у 2016 годзе інфармацыя пра тое, што беларускі павільён зноў адкрыецца ў Канах, так і не была апублікаваная.

Газета «Белорусы и рынок» паспрабавала атрымаць афіцыйны каментар пра лёс нацыянальнага павільёну ад «Беларусьфільму», аднак там толькі пацвердзілі, што ў гэтым годзе наша краіна ў фестывалі не ўдзельнічае.

Збольшага сітуацыю патлумачылі ў Міністэрстве культуры. Начальнік аддзелу інфармацыі Ілона Немава адзначыла «безумоўную важнасць прысутнасці Беларусі ў Канах», але грошай на гэта ў ведамства няма.

«Аплачваць працу павільёну павінен «Беларусьфільм» зыходзячы з уласнага бюджэту, а не за кошт сродкаў Мінкульту. Фінансавая сітуацыя такая, што была прынятая пастанова адмовіцца ад удзелу ў Канах у гэтым годзе», – падкрэсліла Ілона Немава.

МЯ, паводле euronews.com, belmarket.by

Глядзі таксама
Каментары