У Ізраілі затрымалі 35 чалавек, якіх падазраюць у падпалах


У Ізраілі з пачатку ўзнікнення моцных пажараў па ўсёй краіне затрымалі 35 чалавек, якіх падазраюць у наўмысных падпалах.

Большасць з іх – жыхары Палестынскай аўтаноміі, паведаміла ў нядзелю, 27 лістапада, ізраільскае радыё. Міністр унутранай бяспекі Ізраілю Гілад Эрдан, заявіўшы аб новай форме тэрору, выказаўся за тое, каб разбурыць дамы падпальнікаў.

Прадстаўнікі ізраільскіх арабаў, якія складаюць 17,5 % насельніцтва краіны, адпрэчваюць абвінавачванні, даказваючы, што дамы арабаў знаходзяцца ў небяспецы ад агню гэтак жа, як і дамы іхных габрэйскіх суседзяў.

Раніцай 27 лістапада супрацьпажарная служба Ізраілю паведаміла, што ўсе асяродкі ўзгарання ўзятыя пад кантроль. У найбольш пацярпелым партовым горадзе Хайфе пашкоджаныя каля 1800 кватэр, больш за 500 сталі непрыдатнымі для пражывання. Толькі прыватным асобам нанесеная страта ў 500 млн шэкеляў (каля 120 млн еўраў). За пяць дзён пацярпелі больш за 120 чалавек. Распаўсюджванню агню спрыялі працяглая засуха і моцныя вятры.

Прэмʼер-міністр Ізраілю Бэньямін Нэтаньягу напярэдадні падзякаваў у тэлефоннай размове кіраўніку палестынскай адміністрацыі Махмуду Абасу за дапамогу, аказаную пры тушэнні пажараў. У Ізраіль былі накіраваныя 40 палестынскіх пажарнікаў і 8 пажарных машын. У барацьбе з пажарамі быў задзейнічаны самы вялікі пажарны самалёт у свеце – амерыканскі супертанкер «Evergreen-747». Самалёты для тушэння далі таксама Расея, Турцыя, Грэцыя, Францыя, Іспанія і Канада.

МЯ, паводле dw.com

Стужка навінаў