У італьянскай вёсцы Сэлія забаранілі паміраць


Мэр мястэчка на поўдні Італіі абвясціў забарону на смерць. Заклікае мясцовых да патрыятызму і заахвочвае не хварэць і не паміраць, а карыстацца паслугамі лакальнай службы аховы здароўя.

Пра гэта паведамляе Tvn24.pl са спасылкай на Pap.pl.

«Мы выдалі гэтае паведамленне не дзеля жарту, а з усёй павагай. Сэлія, як шмат мясцовасяцяў на поўдні Італіі, абязлюджваецца. Таму мусім лячыцца і дбаць пра здароўе, каб наша маленькая мясцовасць магла ўтрымоўваць свае службы: цэнтр здароўя і аналітычны дыспансер, таксама транспартныя сродкі для перавозкі хворых у бліжэйшы шпіталь у Катандзары», – тлумачыць зварот мясцовых уладаў мэр Давідэ Дзікінэлля, які па прафесіі лекар-педыятар.

У Сэліі жывуць больш за паўтысячы чалавек, у якіх 60 % старэйшыя за 75 гадоў. У асноўным гэты жанчыны, як правіла, удовы.

«Калі нейкі пасёлак робіцца меншым, жыхары, якія застаюцца, вымушаныя плаціць большыя мясцовыя падаткі і вёска не можа ўтрымліваць сябе», – упэўнівае мэр, які клапоціцца пра сваіх землякоў.

Давідэ Дзікінэлля кажа, што мае справаздачы і статыстыку, дзякуючы якім вылічвае недысцыплінаваных жыхароў, якія не праходзяць медагляд.

Дзікінэлля быў абраны мэрам Сэліі ў 2010-м годзе. Гэтая вёска стала адной з першых у Італіі, дзе жыхароў забяспечылі бясплатным інтэрнэтам.

НМ, belsat.eu, паводле Pap.pl

Стужка навінаў