У Іркуцку адкрыецца беларуская этна-кавярня, дзе будуць толькі беларускія стравы і музыка


Агульнымі намаганнямі актывістаў Моладзевага клубу «Крывiчы» ў Іркуцку адкрываецца этна-кавярня традыцыйнай беларускай народнай кухні – «Беларуская Глеба».

Заснавальнік Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага, сябра моладзевага клубу «Крывічы» Алег Рудакоў распавёў, што ў кавярні будуць прадстаўленыя толькі беларускія нацыянальныя стравы: дранікі без мукі, бабка, зразы, пражанка, смажанка, зацірка і шмат што іншае.

«А чаму «Глеба»? Ды таму, што «Глеба» – гэта аснова, гэта тое, што раней заўсёды прыносіла ежу нашым продкам-беларусам, якія карміліся ад Зямлі. Тут ёсць і пераносны сэнс: «Глеба» – гэта Аснова, якая абʼядноўвае нас беларусаў тут у Сібіры! Ну і яшчэ адзін момант: у члена нашага клубу «Крывічы» – Сяргея Яўгенавіча, беларуса па крыві, народжанага ў Прыбайкаллі, выдатнае беларускае прозвішча Глебец. А ён, як вы, можа быць, ужо здагадаліся, і зʼяўляецца галоўным заснавальнікам нашай этна-кавярні!», – заўважыў Алег Рудакоў.

Паводле яго, беларусы доўга марылі пра беларускую кавярню або рэстаран у Іркуцку. Нарэшце зʼявілася памяшканне ў цэнтры гораду, ужо вядуцца рамонтныя работы.

Амаль увесь актыў клубу «Крывічы» працуе над беларускім зместам кавярні. Шыюцца беларускія касцюмы для афіцыянтаў і барменаў, вырабляюцца традыцыйныя вырабы з саломкі, збіраюцца старадаўнія экспанаты беларускага побыту. У кавярні фонам будзе гучаць толькі беларуская музыка ўсіх жанраў: народная, папулярная, этна-рок, этна-фольк і гэтак далей.

«Мы хочам зрабіць наш рэстаран не надта дарагім, але вельмі самабытным, каб усе беларусы Іркуцку і вобласці з задавальненнем тут сустракаліся і адзначалі свае юбілеі, дні нараджэння, і г.д.; каб жыхары Іркуцку, незалежна ад нацыянальнасці, і госці гораду змаглі па-сапраўднаму ацаніць Традыцыю і Культуру беларускага народу!», – адзначыў беларускі дзеяч у Сібіры.

З гэтай нагоды беларусы Сібіры шукаюць кухара з Беларусі. «Вядома, адрывацца ад хаты няпроста, але Вы прыедзеце не кудысьці ў «дзікі край»; Вы прыедзеце да нас, да сваіх землякоў – прыбайкальскіх беларусаў, якія Вам дапамогуць адаптавацца ў нашым прыгожым, горным Байкальскім краі! А беларускія святы, якія праводзяцца намі, запоўняць Вашую тугу па Радзіме! Ну і да таго ж, адпачынак ніхто не адмяняе», – паведаміў Алег Рудакоў.

МЯ, паводле novychas.by

Стужка навінаў