У Іране праходзяць выбары прэзідэнта


Гэтыя выбары – першыя пасля заключэння ядравай дамовы з ЗША.

Іранцы на сённяшніх выбарах вырашаюць, хто будзе прэзідэнтам цягам наступных чатырох гадоў. Галоўныя канкурэнты – дзейны прэзідэнт Хасан Рухані (68) і маладзейшы яго на 12 гадоў кансерватыўны святар Эбрахім Раісі.

Аналітыкі лічаць, што Раісі падтрымлівае Найвышэйшы лідар Ірану Алі Хаменэі, але ніякай гарантыі, што гэта дапаможа кандыдату, няма: фаварыты Найвышэйшага лідара звычайна прайгравалі на выбарах.

У 1997-м Хаменэі падтрымаў спікера парламенту Натэка-Нуры, а перамог з вялікім адрывам былы міністр культуры Махамад Хатамі. У 2005-м Хаменэі паставіў на Алі Ларыджані, а перамог Ахмадзінеджад.

«Цяперашні лідар – чалавек, якому бракуе «чуйкі», прадчування і палітычнай хітрасці», – кажа палітолаг Цэнтру Астрагорскага Сяргей Богдан.

Эксперт упэўнены, што нічога не ўказвае на тое, што Рухані можа прайграць.

Гэта пацвярджае і аналітык Фуад Ізадзі з Тэгеранскага ўніверсітэту: «Мяркую, у Рухані больш шанцаў перамагчы ў першым туры. Калі па нейкіх прычынах нешта цягам бліжэйшых дзён зменіцца, і ён не набярэ 50 адсоткаў, будзе другі раўнд. Але паводле апытанняў у яго добрыя вынікі».

Папярэднія вынікі аб’явяць у нядзелю. У выпадку калі ніводны з кандыдатаў не атрымае 50 %, на наступным тыдні пройдзе другі тур.

ДД

Стужка навінаў