У інтэрнэце збіраюць подпісы за ўшанаванне памятных месцаў, звязаных з БНР


Актывісты прапануюць на будынках, звязаных з дзейнасцю БНР, усталяваць памятныя дошкі і бел-чырвона-белыя сцягі.

Збіраць подпісы за ўшанаванне памяці пра БНР будуць да 12 снежня на petitions.by. Пасля іх перададуць у Міністэрства культуры і Менгарвыканкам.

У спіс увайшлі:

На будынку Менскага гарадскога тэатру (цяпер Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, вул. Энгельса, 7), дзе 5–17 снежня 1917 года Вялікай беларускай радай быў праведзены Першы Усебеларускі кангрэс;

На былым Доме губернатара (цяпер Рэспубліканскі музычны каледж, пл. Свабоды, 7), дзе 21 лютага 1918 года Рада Усебеларускага з’езда прыняла першую Устаўную грамату да народаў Беларусі, у якой заклікала беларускі народ здзейсніць сваё права на «поўнае самавызначэнне», а нацыянальныя меншасці – на нацыянальна-персанальную аўтаномію;

На доме Маліна (вуліца Валадарскага, 9), дзе 24 сакавіка 1918 года ў кабінеце старшыні Народнага сакратарыята Язэпа Варонкі пачалося пасяджэнне Рады БНР, якое закончылася 25 сакавіка прыняццем Трэцяй Устаўной граматы, якая абвясціла Беларусь вольнай і незалежнай дзяржавай;

На доме Воліна (вуліца Валадарскага, 12), у якім з 25 лютага 1918 года працавала Беларускае народнае прадстаўніцтва на чале з Раманам Скірмунтам;

На Юбілейным доме (праспект Незалежнасці, 26), у якім з 17 жніўня 1918 года засядала Рада БНР (усе ў Менску);

На доме купца Мураўёва ў Горадні (плошча Савецкая, 2), у якім засядала Рада БНР пасля адʼезду з Менску.

На будынку былога акруговага суда ў Магілёве (цяпер Магілёўскі абласны краязнаўчы музей, плошча Славы, 1), дзе 12 ліпеня 1918 на сходзе, які адбыўся з ініцыятывы Магілёўскага нацыянальнага камітэту, прадстаўнікі грамадскасці Магілёва прызналі ў горадзе ўладу БНР.

100-годдзе з дня абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі будзе адзначацца 25 сакавіка.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў