У інтэрнэце збіраюць подпісы пад калектыўным пазовам супраць палкоўніка Макарава з нагоды ягонай заявы пра Кубэ


Аўтары пазову лічаць, што словы афіцыйнага прадстаўніка Міністэрства абароны Беларусі палкоўніка Уладзіміра Макарава абражаюць тых, хто выступае супраць правядзення вайсковых парадаў у цэнтры Менску.

Учора палкоўнік Макараў назваў тых, хто выступае супраць вайсковага параду ў Менску, ідэйнымі нашчадкамі Вільгэльма Кубэ – нямецкага гаўляйтара падчас нацысцкай акупацыі Беларусі.

Пасля гэтага ў інтэрнэце з ініцыятывы палітыка Андрэя Дзмітрыева зʼявілася ініцыятыва далучыцца да калектыўнага пазову аб абароне гонару і годнасці і запатрабаваць ад Макарава публічных прабачэнняў.

«Гэтае выказванне глыбока зневажае тых, хто выступае супраць правядзення вайсковых парадаў у горадзе, кіруючыся выключна пытаннямі рацыянальнага выкарыстання бюджэтных сродкаў і бяспекай людзей», – гаворыцца ў звароце, які прапаноўваецца падпісаць у інтэрнэце.

Спрэчкі наконт мэтазгоднасці вайсковых парадаў у цэнтры Менску ідуць не першы год. Некалькі дзён таму блогер Антон Матолька стварыў петыцыю з прапановай не праводзіць вайсковыя парады ў горадзе – яе ўжо падпісалі больш за 5,5 тысяч чалавек. Петыцыя зʼявілася пасля таго, як 23 чэрвеня танк знёс ліхтарны слуп на праспекце Незалежнасці падчас генеральнай рэпетыцыі параду.

 

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў