У інтэрнэце з'явілася петыцыя супраць несумленнага забудоўніка «Маяка Менску»


Заплацілі за элітнае жытло, а атрымалі нізкаякасныя кватэры са шматлікімі парушэннямі тэхнічных нормаў.

Жыхары «Маяка Менску», якіх усялілі ў кватэры сумнеўнай якасці замест абяцанага элітнага жылля, стварылі онлайн-петыцыю.

«Непрыстойны замежны інвестар-забудоўнік, скарыстаўшыся шматлікімі льготамі для сваёй дзейнасці, не выканаў свае абавязацельствы па фінансаванні ўнутрыквартальных інжынерных сетак. У выніку ўсе выдаткі былі вымушаныя ўзяць на сябе самі жыхары, і, паводле дамовы, забудоўнік павінен быў перадаць унутрыквартальныя інжынерныя сеткі ва ўласнасць тых, хто за іх заплаціў. Аднак цяпер забудоўнік не толькі не перадае іх ва ўласнасць грамадзянаў, але і мае намер аддаць іх дзяржаве на бязвыплатнай аснове!», – адзначаюць падманутыя дольнікі.

Усіх неабыякавых яны просяць падпісацца пад зваротам, які будзе накіраваны Аляксандру Лукашэнку.

У звароце жыхары «Маяка Менску» просяць дапамагчы вярнуць дольнікам сумы, якія яны выдаткавалі на інжынерныя сеткі, ды пакараць штрафамі забудоўніка (кампанію «Зомекс Инвестмент») разам са службовымі асобамі Камітэту будаўніцтва і інвестыцыяў Менгарвыканкаму. Таксама жыхары просяць распачаць праверку па факце падману спажыўцоў.

«Белсат» распавядаў пра сітуацыю, у якой апынуліся жыхарам «Маяка Менску». Замест Стывена Сігала, які нібыта збіраўся набыць сабе цэлыя паверхі ў комплексе, ягоныя плошчы абжываюць залётныя бамжы і алкаголікі. Ліквідаваць недаробкі праз гарантыю немагчыма – адміністрацыя Першамайскага раёну перашкаджае стварыць таварыства жыхароў. А ў дзяржаўным ЖЭСе «ўсё схвачана». Падрабязней – у нашым відэаматэрыяле:

Чытайце таксама:

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў