У інтэрнэце раскрылі імя і прозвішча амапаўца, які затрымліваў 80-гадовага паэта


Дадзеныя байца, які жорстка затрымліваў і цягнуў у аўтазак Яна Грыба, апублікавала суполка «Рэвалюцыйнае дзеянне».

Сілавіка завуць Мікалай Шынкевіч. Ён з Івацэвіцкага раёну.

Актывісты заклікаюць дасылаць інфармацыю пра тых, хто брутальна абыходзіўся з людзьмі на акцыі Дня Волі і падчас акцый недармаедаў.

За ўдзел у не дазволеным уладамі Дні Волі затрымалі каля 1000 чалавек. Большасць аштрафавалі. Арыштавалі некалькі дзясяткаў асобаў.

Дзядуля, які ўцёк з аўтазаку

Ян Грыб, 80-гадовы беларускі паэт разам з дачкой пайшоў на акцыю 25 сакавіка ў Менску. А замест шэсця і свята пабачыў жорсткі разгон мірных грамадзянаў.

Не вытрываўшы відовішча беспадстаўнага гвалту над беларусамі, Ян Грыб звярнуўся да афіцэра, што стаяў побач. У адказ апынуўся ў аўтазаку побач з іншымі затрыманымі. Калі іх пачалі пераводзіць з аўтазака, паэт скарыстаўся момантам замяшання і шчасліва ўцёк.

Не палохаюць паэта ні міліцыянты ў масках і са шчытамі, ні перспектыва быць закінутым у аўтазак. Нягледзячы на ўзрост і на перанесены інфаркт, ён абяцае зноў выходзіць на акцыі.

ДР belsat.eu

 

Стужка навінаў