У інтэрнэце апублікавалі запіс перамоваў дыспетчараў, якія спрабавалі звязацца з Ан-148


На запісы, размешчаным на сайце LiveATC.net, які транслюе перамовы авіядыспетчараў па ўсім свеце, чуваць як супрацоўнікі аэрапорту спрабавалі выйсці на сувязь з экіпажам пасажырскага лайнеру і не атрымалі адказу.

«703-ы, ён нам не адказвае. Саратаў-703, адкажы… Саратаў-703, адкажы! Масква кліча і кліча…», – паўтараў адзін з супрацоўнікаў Дамадзедава.

Сувязь з экіпажам Ан-148 «Саратаўскіх авіялініяў» рэйсу 703 Масква-Орск знікла 11 лютага праз некалькі хвілінаў пасля ўзлёту з аэрапорту Дамадзедава. На борце былі 65 пасажыраў і 6 чальцоў экіпажа. Беларусаў сярод пацярпелых няма, паведаміла беларуская амбасада ў Маскве.

МНС пацвердзіла выяўленне «чорнай скрыні». Працы па пошуку парэшткаў загінулых будуць працягвацца тыдзень, заявіла міністр аховы здароўя Расеі Вераніка Скварцова.

Следчы камітэт пачаў крымінальную справу па артыкуле аб «парушэнні правілаў эксплуатацыі паветранага транспарту, якое пацягнула смерць двух ці больш асобаў».

***

Пасажырскі самалёт Ан-148 перастаў выходзіць на сувязь і знік з радараў праз некалькі хвілін пасля вылету з аэрапорта Дамадзедава 11 лютага. Паводле апошніх дадзеных, якія адлюстроўваюцца на сайце Flightradar24, самалёт ляцеў з хуткасцю 614 км/г на вышыні 990 м. Абломкі самалёта знайшлі каля вёскі Сцяпанаўскае (Падмаскоўе).

У якасці асноўных версіяў катастрофы Следчы камітэт разглядае ўмовы надвор’я, чалавечы фактар, а таксама тэхнічны стан самалёта. Крыніца РБК, знаёмая з ходам расследавання, а таксама суразмоўца ў МНС адзначылі, што Ан-148 не разбурыўся ў паветры: яго рухавікі працавалі да сутыкнення з зямлёй.

ДР belsat.eu

 

Стужка навінаў