Як міліцыянты паліцая лавілі. Міліцыя публікуе падрабязнасці «спецаперацыі» у 1945 г.


З нагоды 100-гадовага юбілею беларускай міліцыі ў сацыяльных сетках зʼявіўся артыкул пра барацьбу савецкай міліцыі з «бандытамі» ў пасляваенны час.

«Выпадкова знойдзеныя запісы, лісты ўспамінаў сведак дазваляюць хоць крыху прыадчыніць гістарычную заслону і даведацца пра ўчынкі людзей, якія загінулі пры выконванні сваіх службовых абавязкаў. Менавіта такія запісы захоўваюцца і ў Астравецкім раённым аддзеле ўнутраных спраў, як даніна памяці аб былых калегах» , – гаворыцца ў допісе, апублікаваным на акаўнце УУС Гарадзеншчыны «Укантакце».

Вядзецца пра аперацыю міліцыянтаў на хутары Гальчуны у 1945 годзе, падчас якой «гераічна загінулі два міліцыянты». Паводле архіўнай справаздачы тагачаснага начальніка Астравецкага НКУС Вячкелева, у райаддзел паступіла паведамленне агентуры, што ў адным з дамоў на хутары Гальчуны хаваецца паліцай, які прыехаў з Вільні. У райаддзеле распрацавалі спецаперацыю: два оперупаўнаважаныя і два міліцыянты выехалі на месца, каб уночы зладзіць засаду і арыштаваць падазраванга на світанку.

s9qnwtusj1q

«Аднак оперупаўнаважаны Блюмінаў, які ўзначальваў групу, вырашыў пачаць аперацыю раней і, не дачакаўшыся ўсходу сонца, пастукаўся ў дзверы. Спачатку ніхто доўга не адказваў, а затым дзверы адчыніла гаспадыня. На пытанне міліцыянераў, дзе мужчыны, жанчына адказала, што яны ўцяклі праз акно на вуліцу. Як высветлілася пазней, на самой справе двое мужчын з абрэзам і рэвальверам хаваліся на гарышчы», – гаворыцца ў матэрыяле.

Далей з справаздачы начальніка раённага НКУС Вячкелева:

«… Тады оперупаўнаважаны Бяляеў узяў з пакоя лямпу і выйшаў у сенцы. Гаспадыні ён сказаў лезці на гарышча. Следам за ёй туды адправіўся міліцыянер Пагажэльскі – як толькі ён залез на гарышча, адзін з бандытаў выстраліў у яго з рэвальвера і забіў.

Схапіўшы аўтамат міліцыянера, ён пусціў з яго чаргу ўніз у сенцы, дзе стаяў з лямпай Бяляеў – і забіў таксама і яго. Пасля гэтага пачалася перастрэлка. У выніку быў застрэлены адзін з бандытаў. Другі мужчына і гаспадыня былі параненыя.

На месцы здарэння быў сам, мой намеснік і восем нашых супрацоўнікаў. Быў праведзены старанны вобыск і знойдзены мундзір паліцая, які паспеў уцячы да прыходу міліцыянераў. Тут жа была сфармаваная група з васьмі чалавек, якая адправілася на яго пошукі. Па справе забойства двух супрацоўнікаў раённага НКУС арыштаваны чатыры чалавекі».

У допісе ў сацыяльных сетках аўтарка матэрыялу Марына Мацкевіч зазначае, што “цяжка меркаваць аб праваце і справядлівасці тых няпростых пасляваенных гадоў. Але варта ведаць і шанаваць памяць загінуўшых міліцыянераў”.

МЛ, belsat.eu

Паводле “УУС Гарадзенскага аблвыканкаму”

Стужка навінаў