У хаце былога палітзняволенага Эдуарда Лобава, які цяпер ва Украіне, зладзілі ператрус

video

У ягонай маці парвалі вопратку і забралі мабільны тэлефон.

Супрацоўнікі міліцыі прыйшлі ў дом Лобава 31 сакавіка раніцай. Ператрусам кіраваў старэйшы оперупаўнаважаны ГУБАЗ Менгарвыканкаму Раман Кіжапін.

Маці Марына Лобава распавяла «Радыё Свабодзе»:

«Я выходзіла выгульваць сабак, каля ліфта мяне чакалі тры высокія мужчыны ў цывільным. Яны прадявілі пастанову на ператрус, падпісаную пракурорам у сувязі з тым, што супраць Эдзіка распачатая крымінальная справа за ўдзел у ваенных дзеяннях ва Украіне.

Мяне прымусілі вярнуцца ў кватэру. Зайшлі самі і прывялі панятых. Некалькі супрацоўнікаў засталіся ахоўваць уваход у кватэру.

Падчас ператрусу забралі два ноўтбукі – мой і майго мужа. Таксама працэсар ад кампутара, некалькі флэшак і кнігу пра «Малады Фронт« і праваабарончы цэнтр «Вясна».

У парушэнне закону сілай з маёй кішэні забралі мабільны тэлефон. Пастанова была на ператрус у кватэры, а не на асабісты агляд – таму гэта парушэнне. Я ўжо не кажу пра тое, што гэта рабілі супрацоўнікі-мужчыны, ды яшчэ з прымяненнем фізічнай сілы.

У пратаколе я ўказала, што маю прэтэнзіі наконт мабільнага тэлефона, а таксама парванай курткі – гэта здарылася пры аглядзе мяне. Таксама запісала, што мне не дазволілі пазваніць адвакату».

Пасля ператрусу Марына Лобава звязалася з адвакатам. Яна збіраецца падаваць скаргу на незаконнае выманне тэлефона.

На пытанні пра сына, пра ягоную дзейнасць ва Украіне Марына Лобава адказваць адмаўляецца.

Вызвалены у снежні 2014 года палітвязень, летась  у ліпені заявіў, што змагаецца ва Украіне супраць прарасейскіх баевікоў.

Чытайце таксама >>> Эдуард Лобаў: Будзем дапамагаць украінцам і можам разлічваць на іх дапамогу ў нашай вайне

ДР, belsat.eu паводле svaboda.org

Глядзі таксама
Каментары