У хакейным клубе са Жлобіну, які грае ў мацнейшым дывізіёне Беларусі, няма клюшак


Жлобінскія хакеісты ў правальным матчы супраць «Юнацтва»

У 2012-м «Металург» станавіўся чэмпіёнам краіны, пазней браў серабро, а цяпер не можа забяспечыць гульцоў клюшкамі.

Ва ўчорашняй хатняй сустрэчы ў матчы Экстралігі супраць сталічнага «Юнацтва» жлобінскі «Металург» зазнаў разгромную паразу – 0:6. Сайт «металургаў» апублікаваў пасляматчавы каментар галоўнага трэнера Аляксандра Палішчука. На пытанне, чаму ягоныя гульцы рабілі мала кідкоў па браме суперніка, настаўнік даў нечаканы адказ:

«Я не хачу, каб гэта выглядала як нейкая скарга, але прычына тая ж. Баімся кідаць, таму што банальна няма клюшак. Дарэчы, дзякуй Міхаілу Міхайлавічу (Захараў – галоўны трэнер «Юнацтва»), што ў трэцім перыядзе выручылі нас адной. Амаль у кожнай гульні людзі садзяцца на лаву, таму банальна далей няма чым гуляць. Сёння, напрыклад, у трэцім перыядзе хакеісты «Юнацтва» перадалі клюшку нашаму абаронцу».

Вядома, што клюшкі ў Беларусі вырабляюць у сістэме Дэпартаменту выканання пакаранняў МУС. Кіраўнік міліцэйскага ведамства Ігар Шуневіч яшчэ ў леташнім лістападзе асабіста прэзентаваў Аляксандру Лукашэнку клюшкі, вырабленыя асуджанымі.

ХК «Металург» быў заснаваны ў 2006 годзе. У 2012-м узяў золата беларускай Экстралігі. За час існавання клуб таксама выйграваў срэбра і двойчы станавіўся бронзавым прызёрам Экстралігі.

НМ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары