У Грэцыі праходзіць рэферэндум у справе міжнародных крэдытаў


Мільёны грэкаў галасуюць на рэферэндуме па ўмовах выплаты доўгу і аказання краіне міжнароднай фінансавай дапамогі, на чым настойваюць міжнародныя крэдыторы – Еўразвяз, Міжнародны валютны фонд і Еўрапейскі Цэнтрабанк.

Рэферэндум прызначыў прэм’ер-міністр Алексіс Цыпрас. Грамадзянам прапанавана вызначыць, ці павінна краіна прыняць або адхіліць пагадненне з міжнароднымі крэдыторамі аб выхадзе з пазыковага крызісу.

Вынікі рэферэндуму могуць прывесці як да выхаду Грэцыі з еўразоны, так і да аднаўлення краінай балючых перамоваў з крэдыторамі, піша interfax.by са спасылкай на MarketWatch.

Раней прэм’ер-міністр заклікаў грэкаў сказаць рашучае «не», а міністр фінансаў краіны Яніс Варуфакіс абвінаваціў крэдытораў Грэцыі ў «тэрарызме», падае Бі-Бі-Сі.

«Чаму яны прымусілі нас зачыніць банкі? Каб пасяліць у сэрцах людзей страх. А распаўсюджванне страху называецца тэрарызмам», – заявіў міністр фінансаў.

Вышэйшы адміністрацыйны суд Грэцыі ў пятніцу дазволіў правядзенне рэферэндуму і пастанавіў, што ён не парушае канстытуцыю краіны.

Зрэшты прадстаўнікі Еўракамісіі ўжо заяўлялі, што грэцкі рэферэндум, калі ён будзе праведзены за такія кароткія тэрміны «не дацягне да міжнародных стандартаў», паколькі пытанне да выбарнікаў сфармулявана недастаткова выразна, і людзям не далі дастаткова часу для абдумвання сітуацыі.

У апошнія дні прыхільнікі адказаў «так» і «не» на рэферэндуме правялі масавыя акцыі. Мяркуючы па апытаннях, меркаванне грэкаў падзялілася прыкладна пароўну.

Крэдыторы дамагаюцца ад Афінаў павышэння падаткаў і скарачэння сацыяльных выплат і дапамогі. На думку міжнародных арганізацыяў, гэта дасць Грэцыі магчымасць выканаць свае фінансавыя абавязкі.

Лідары ЕЗ папярэдзілі, што калі грэкі адкінуць умовы аказання фінансавай дапамогі, то гэта можа азначаць выхад Грэцыі з еўразоны. Аднак у сваім апошнім тэлезвароце Алексіс Цыпрас падкрэсліў, што аб выхадзе Грэцыі з Еўразвязу гаворка не ідзе.

Увесь тыдзень у Грэцыі не працавалі банкі, дзейнічаў ліміт на зняцце грошай у банкаматах.

У аўторак скончыўся тэрмін дзеяння чарговага этапу аказання Грэцыі фінансавай дапамогі. Афіны не змаглі выплаціць запазычанасць МВФ у памеры € 1,5 млрд.

МЯ, паводле bbc.com, interfax.by

Стужка навінаў