У грамадзяніна Літвы канфіскавалі квадракопцер, які ён без дазволу запусціў у беларускім памежжы


Грамадзянін Літвы без дазволу памежнікаў запусціў у памежнай зоне Беларусі квадракопцер.Яго затрымаў пагранічны нарад. Пра гэта паведамляе Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі.

18 лютага ў беларускай паветранай прасторы, у трох кіламетрах ад дзяржаўнай мяжы з Літвой, смаргонскія памежнікі заўважылі авіямадэль-квадракопцер. А ў раёне населенага пункта Жарнелі трывожная група памежнікаў затрымала 22-гадовага грамадзяніна Літвы з пультам кіравання ад апарата.

Маладзён – студэнт аднаго з менскіх ВНУ, прыехаў да сваякоў, а таксама вырашыў выпрабаваць новы лятальны апарат.

А згодна з беларускім заканадаўствам, пра пачатак і  заканчэнне выкарыстання ў пагранзоне лятальных апаратаў масай больш за 1 кг патрэбна абвесціць супрацоўнікаў памежнай службы.

Дзеянні маладзёна кваліфікаваныя па арт. 23.30 КаАП (парушэнне памежнага рэжыму). Маладому чалавеку пагражае штраф да 20 базавых велічынь з дэпартацыяй або без яе. Лятальны апарат канфіскаваны для правядзення экспертызаў.

У памежнай паласе палёты авіямадэлей забароненыя. У памежнай зоне эксплуатацыя авіямадэляў магчымая, але толькі пасля паведамлення пра гэтае службовым асобам тэрытарыяльных органаў памежнай службы.

паводле belapan.by

Стужка навінаў