У Горадню прыплыла каменная ладдзя


Скульптуру, зробленую паводле шахматнай фігуры ХІІ ст., усталявалі на беразе Нёмну.

Фігура з граніту з’явілася паміж Старым і Новым замкам каля спуску да Нёмну. Нагодай стаўся Фестываль нацыянальных культураў, які пройдзе ў Горадні 5 чэрвеня. Тады ж адбудзецца і афіцыйнае адкрыццё помніку.

Скульптар Уладзімір Панцялееў тлумачыць, што на разьбярскія працы пайшло прыкладна паўтары месяца. Куды больш часу занялі пытанні лагістыкі ды рознага роду ўзгадненні з уладамі. Для зацверджання эскізу, прыкладам, збіралася адмысловая камісія.

 “Даводзілася колькі разоў звяртацца да фондаў музею, дзе змяшчаецца арыгінал фігуркі ХІІ ст., – тлумачыць Панцялееў, – трэба было ўласным вокам разгледзець дробныя элементы. Сама ж ладдзя ўсяго з 5 см вышынёй! Былі і цікавыя моманты падчас вывучэння: спачатку мы былі перакананыя, што справа на носе фігуркі сядзіць ваяр са шчытом, але, прыгледзеўшы больш уважліва, зразумелі – гэта вясло”.

Фота grodno.in

Аўтарам ідэі выступіў старшыня абласнога аддзялення Рэспубліканскага турыстычна-спартовага саюзу Сяргей Каляда. Паводле яго, пачаткова, была ідэя паставіць скульптуру на цэнтральным гарадскім пляжы, адкуль і цяпер адпраўляюцца падарожнікі па Нёмне – найчасцей на байдарках, але часам і на сапраўдных варажскіх дракарах.

“Пасля мы вырашылі ўсё ж перанесці скульптуру да Старога замку, – распавядае Каляда. – Справа ў тым, што менавіта там шахматную фігуру знайўош археолаг Юзаф Ядкоўскі ў 1930-ых гадах. Спадзяемся, што з часам тут жа з’явіцца і спуск да вады, як працяг знакамітай «лесвіцы кахання»”.

На гэты момант гарадзенская ладдзя – ці не адзіны ў Беларусі помнік, цалкам зроблены паводле археалагічнага артэфакту. Да прыкладу, у той жа Грузіі помнікі паводле археалагічных знаходак не рэдкасць. У Кутаісі ёсць нават фантан, аздоблены копіямі залатых упрыгожанняў, знойдзеных у мясцовых пахаваннях ды курганах.

З прататыпам скульптуры – касцяной шахматнай фігурай, звязаная таксама даволі скандальная гісторыя. У 2004 годзе яе скралі сярод белага дня з музейнай залы, падняўшы шкло без сігналізацыі. Знайшлі ладдзю толькі ў 2008-м годзе, калі 21-гадовы хлопец спрабаваў прадаць рарытэт усяго за … два мільёны рублёў.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў