У Горадні з’явіўся цэнтр рамёстваў у былым доме партыйнага функцыянера


У рэканструкцыю і абсталяванне былога асабняка абласнога галавы Кляцкова было закладзена …амаль паўмільёны еўра.

Асабняк колішняга кіраўніка абкама партыі Леаніда Кляцкова на Рэйманта, 12 зараз служыць зусім іншым мэтам. Змяніўшы за апошнія 25 год некалькі ўладальнікаў, сёлета ён нарэшце адкрыўся ў выглядзе «Цэнтра рамёстваў».

«Цэнтр ствараецца ў рамках праекту транспамежнай супрацы, – тлумачыць загадчыца Валянціна Цыганец, – гэта міжнародны праект, у якім бяруць удзел акрамя беларусаў літоўцы і латышы. Найбольш шчыльна мы супрацоўнічаем з латышскім Даўгаўпілсам. Яны ў сябе аднавілі замак Дынабург, а мы – абсталявалі Дом рамёстваў».

Бюджэт праекту «Адраджэнне і захаванне культурнай і гістарычнай спадчыны ў Даўгаўпілсе і Гродна» ад пачатку складаў 926 900 еўра. На Беларусь з гэтай сумы прыпадала 433 000 еўра. За гэтыя грошы была праведзена рэканструкцыя асабняка Кляцкова, а таксама збудаваны прылягаючы комплекс з майстэрняў і невялікага амфітэатру для выступленняў народных калектываў.

Са словаў Валянціны Вацлаваўны, нават простае абсталяванне для народных майстроў каштуе нятанна. Шэсць ганчарных кругоў (4 электронныя і 2 нажных) – 150 тысяч еўра, звычайныя кросны – 2-3 тысячы… Тым не менш, з’яўленне цэнтру надзвычай важнае як для ўмельцаў, так і для цікаўных жыхароў.

«Якая галоўная праблема зараз у майстра? – працягвае спадарыня Валянціна, – Плошчы! Майстэрняў крытычна не хапае. А ў нас увесь першы паверх – гэта кабінеты і майстэрні. Плюс да таго будынкі ў двары. А на другім паверсе – экспазіцыя: частка зменная, частка пастаянная».

Адчыніць свае дзверы для гарадзенцаў і гасцей гораду цэнтр зможа адно ў верасні. Тады запрацуюць і гурткі, і майстэрні творцаў, і нават крама, дзе кожны зможа набыць сабе, напрыклад, вышыванку.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў