У Горадні зноў крадуць каваныя гістарычныя балконы


Гісторыкі не далічыліся чарговых каваных элементаў на вуліцы Свердлава. У будынку 1910-га года невядомыя спілавалі нават лесвічныя поручні…

На здымках, зробленых некалькі год таму, на эклектычным будынку пачатку ХХ ст. яшчэ красуюць мадэрныя балконы з кляпаным абкратаваннем.

[vc_single_image image=”1″ img_size=”large”]

Такія ж балконы на бетонных апірышчах зберагліся ў Горадні, напрыклад, на будынку па вул. Дзяржынскага, 12, пабудову якога гісторыкі датуюць 1930-мі гадамі.

Калі заходзіш у сярэдзіну будынку на Свердлава, стае зразумелым, што зніклі не толькі балконы: металёвыя лесвічныя поручні нехта таксама спілаваў. Па прыступках бачна, што лесвіца старая, значыць і поручні, верагодна, стылістычна адпавядалі балконам.

Калі падымаешся на дах, стае зразумелым, чаму ўнутры будынку на падлозе збіраюцца лужыны. Аказваецца, частка шыферу з боку двара… цалкам знятая, таму будынак ніякім чынам не абаронены ад прыродных стыхій. Праз паўгода-год у такім рэжыме, калі драўляныя кроквы ды перакрыцці пачнуць псавацца, камяніца найхутчэй акажацца ў аварыйным стане.

Раней будынак на Свердлава, 12, уваходзіў у комплекс фабрыкі мастацкіх вырабаў «Сузоре». Цяпер ён пустуе, а прылеглая тэрыторыя выкарыстоўваецца пад паркоўку. КПП на ўездзе таксама працуе ў дзіўным рэжыме: уначы там гарыць святло, а вось днём нікога не дашукаешся: уваход на тэрыторыю свабодны. Ніякіх шыльдаў на браме няма.

Нагадаем, што самы скандальны выпадак крадзяжу гістарычнага балкона ў Горадні адбыўся ў 2011-ым годзе, калі сярод белага дня невядомыя спілавалі і вывезлі каваны балкон ХІХ ст. з будынку на вуліцы Кірава, 3. Злачынства так і не было раскрытае.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў