У Горадні жанчына ўдарыла міліцыянта абцасам па галаве


Жыццю міліцыянта нічога не пагражае. У дачыненні да жанчыны завялі крымінальную справу.

Увечары 5 жніўня работнікі бару «Семафор» выклікалі міліцыю пасля таго, як госці на летняй тэрасе пачалі нахабна сябе паводзіць.

Міліцыянты, якія прыбылі па выкліку, паспрабавалі затрымаць гасцей бару, але апошнія аказалі супраціў.

Участковыя выклікалі падмогу з Дэпартамента аховы, і разам паспрабавалі ўціхамірыць дэбашыраў.

Партал «New Grodno» падае, што ў выніку распачалася бойка, да якой далучыліся мужчыны з суседняга століка, якія сталі на абарону наведнікаў бару. У выніку пацярпелі абодва бакі, у прыватнасці супрацоўнік міліцыі, які атрымаў удар абцасам у галаву.

Міліцыянту аказалі першую медычную дапамогу, цяпер ён знаходзіцца ў больніцы.

У прэсавай службе УУС Гарадзенскага аблвыканкаму агенцтву «Белта» распавялі, што жанчыну затрымалі.

«Жыццю супрацоўніка міліцыі нічога не пагражае», – дадалі міліцыянты.

Дзмітрый Кулак, першы намеснік старшыні Ленінскага аддзелу Дэпартаменту аховы МУС (яго супрацоўнікі выязджалі на месца здарэння), змог сказаць «Белсату» толькі тое, што інфармацыя пра прабітую галаву – няпраўда.

Разгорнутага каментару ад міліцыянтаў атрымаць не ўдалося.

Больш падрабязна распавесці пра тое, што адбылося, не змаглі таксама ў бары «Семафор».

«У калег, якія працавалі ўчора, сёння выходныя», – сказалі нам у «Семафоры».

Пазней афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэту па Гарадзенскай вобласці Сяргей Шаршаневіч паведаміў, што ў дачыненні да жанчыны, а таксама аднаго з мужчынаў, які аказваў супраціў міліцыянтам, завялі крымінальную справу.

Мужчыну і жанчыну затрымалі.

ДД

Стужка навінаў