У Горадні ўсталявалі помнік героям фільму «Белыя Росы»


Драўляны помнік героям фільма “Белыя росы”. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Новы драўляны помнік увасабляе вядомую сцэну з фільма, дзе Фядос і Цімафей «лячыліся» цешчынай гарэлкай.

Зусім нядаўна быў знесены апошні дом, дзе здымаўся вядомы фільм Ігара Дабралюбава «Белыя Росы. Да гэтага моманту яшчэ ў мінулым годзе гарадскія ўлады ўсталявалі памятную дошку каля калодзежа, які нібыта фігураваў у кінастужцы. Не зважаючы на знос дому, улады паабяцалі, што калодзеж захаваюць, а месца здымак фільму адзначаць. Абяцанне сваё выканалі.

Фота – Васіль Малчанаў/Белсат
Драўляны помнік героям фільма “Белыя росы”. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

На скрыжаванні вуліц Дзяржынскага і Курчатава некалькі дзён таму ўсталявалі тры драўляныя скульптуры: Фядоса, Цімафея і Валета. Гэта вядомая, досыць камічная сцэна з фільму, калі мужчыны па-суседску вырашылі «падлячыцца» цешчынай настойкай. Каб праверыць ці нічога не здарыцца, напой перш далі паспрабаваць сабаку Валету. Першапачаткова Валет адчуваў сябе добра і суседзі пачалі выпіваць. У выніку Валет злёг нібы мёртвы, а перапужаныя мужчыны пабеглі ў шпіталь. Усё скончылася добра: з суседзямі, а галоўнае з сабакам нічога не здарылася, а смешная сцэна запомнілася многім аматарам фільму.

Драўляны помнік героям фільма “Белыя росы”. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Шматлікія мінакі, зацікавіўшыся, няспынна падыходзяць да свежаўсталяваных скульптур. Некаторыя ўзгадваюць фільм, які ў 1983-м годзе меў шматлікія прагляды ў савецкіх кінатэатрах і стаў шырока вядомы. Нехта проста спыняецца разам з дзецьмі, каб ускараскацца на драўлянага Валета. Не зважаючы на крытыку, што помнік усталявалі не зусім у тым месцы, скульптура стала адметным упрыгожанне мікрараёну Дзевятоўка ў Горадні.

Драўляны помнік героям фільма “Белыя росы”. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

«Белыя росы» (1983) – мастацкі фільм кінарэжысёра Ігара Дабралюбава. Вытворчасць, зняты на «Беларусьфільме» Лірычная камедыя пра жыццё, радасці і праблемы савецкіх грамадзянаў першай паловы 80-х гадоў. Фільм здымалі ў цэнтры Горадні, а таксама ў мікрараёнах Пярэселка і Дзевятоўка.

Чытайце таксама:

Апошні дом у раёне, дзе здымаўся фільм «Белыя Росы», пайшоў пад знос

ПВ, belsat.eu

Стужка навінаў