У Горадні раскрадаюць могілкі, на якіх пахаваныя паўстанцы Каліноўскага

photo

Пакуль чыноўнікі бяздзейнічаюць, старыя крыжы і агароджы з каталіцкіх могілак у Горадні здаюць на метал.

Могілкі, на якіх пахаваная пісьменніца Эліза Ажэшка, паўстанцы 1863 году, а таксама безліч выбітных гарадзенцаў, дагэтуль не маюць статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці. У выніку іх ніхто не ахоўвае, а літыя крыжы і агароджы рэгулярна выкрадаюцца.

Падаць заяву ў міліцыю маглі б родныя памерлых, але калі гаворка ідзе пра магілы ХІХ ст. – такіх наўпрост няма. У спісе каштоўнасцяў могілкі не значацца, таму і дзяржава не мае ніякіх прэтэнзіяў. Падаць у суд можа хіба «СпецАўтаГаспадарка», на балансе якой знаходзяцца могілкі, але там няма ані спісу каштоўных надмагілляў, ані людзей, якія б гэтым займаліся.

У адказ на заўвагі – пагрозы

IMG_1603 bsКсёндз Яўген, настаяцель прыходу Хрыста Збаўцы і ўсіх святых, паказвае надмагіллі, з якіх зусім нядаўна зніклі металёвыя элементы. З яго словаў, ніякага вартаўніка на могілках няма. Ёсць толькі рабочыя, якія выконваюць тыя ці іншыя працы. Вартаваць – не іх абавязак.

Больш за месяц ужо як заўважылі, што знік адзін помнік, другі… Здымаюць агароджы. Расхістаюць спачатку, а пасля, а 4-й ранку здымаюць. Усё гэта здаецца на металалом, я мяркую. Напісалі заяву ў міліцыю, чакаем разбіральніцтва і нейкай рэакцыі ўладаў.

IMG_1718 bsКсёндз распавядае пра падазроных асобаў, якія ходзяць па могілках. Рабочыя неяк нават зрабілі ім заўвагу, але пачулі на свой адрас пагрозы. Была ідэя ўсталяваць сістэму відэаназірання, але ў парафіі няма на гэта сродкаў.

Адразу за брамаю могілак стаяць два пустуючыя дамы перадваеннай пабудовы. Гаспадары не жывуць тут ужо некалькі год, таму будынкі прыгледзелі… мясцовыя бамжы. Пару з мяшкамі мы заўважылі яшчэ на могілках, а пасля – тут, на падворку. На пытанне пра зніклыя крыжы, жанчына адказвае, што нічога не ведае ды хавае вочы.

Улады цяпер не цікавяцца могілкамі

IMG_1633 bs

Паводле ксяндза, справамі могілак цікавіўся папярэдні старшыня гарвыканкаму Аляксандр Антоненка: дапамагаў рабіць сцежкі, аднавіць паркан па перыметры, паставіў пару ліхтароў, цяпер жа – глухая сцяна.

«Кожны год спрабуем дагрукацца, каб давесці да ладу і захаваць гэтыя помнікі, – працягвае кс. Яўген, – Хацелася б, каб гэта быў мемарыяльны комплекс, які было б не сорамна і турыстам паказаць».

На некаторых старых надмагіллях заўважныя польскія сцяжкі ды лампадкі. Большасць турыстаў, якія цяпер сюды трапляюць, прыязджаюць з Захаду. На нашых вачах, напрыклад, да могілак завярнуў аўтобус з польскімі нумарамі. Апынулася, што гэта група з Гданьску і Гдыні.

«Могілак такой значнасці ў Беларусі больш няма»

Tacciana Kasataja (1)«Старыя каталіцкія і праваслаўныя могілкі – гэта ўнікальная каштоўнасць для гораду, – распавядае гісторык Таццяна Касатая, – Гэта і мастацкая каштоўнасць, і гістарычная, і памяць пра тых, хто тут жыў. Больш у Беларусі могілак такой значнасці, напэўна, няма. Таму тое, што цяпер адбываецца – гэта ганьба для гораду і ўсіх нас».

На працягу 2015-2016 гадоў гісторыкі намагаліся ўнесці могілкі ў спіс ахоўваемай спадчыны. Могілкі апісвалі, фатаграфавалі, фіксавалі змены, а пасля падалі адпаведную заяўку ў Міністэрства культуры.

IMG_1710 bs«Унясенне ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны – гэта толькі першы крок да працэсу аховы і аднаўлення могілак, – працягвае Таццяна, – Але нават яго мы не змаглі зрабіць. Навукова-метадычная рада пры Міністэрстве нашую заяўку разгледзела і, хоць пакуль афіцыйнага адказу няма, з кантэксту зразумела, што могілкі ў спіс ўнесеныя не будуць…»

У спіс помнікаў могілкі не трапілі з-за вялікай плошчы?

Tacciana Kasataja (2)

У якасці прычынаў не ўносіць могілкі ў спіс чыноўнікі называюць вялікую плошчу, якую займаюць пахаванні (больш за 8 гектараў): маўляў, ахоўваць такую плошчу цяжка. Разам з тым, не ўсе надмагіллі маюць мастацкую каштоўнасць, за некаторымі даглядаюць родныя, якія ў выпадку ўключэння могілак у спіс, будуць абавязаныя ўзгадняць усе змены з чыноўнікамі.

Выйсцем, як мяркуе Таццяна, можа стаць выбарачнае ўключэнне ў спіс толькі старых помнікаў ХІХ – пач. ХХ стст., а не ўсіх могілак наагул. Для гэтага гісторыкам прыйдзецца перарабляць заяўку і падаваць яе ў Міністэрства ізноў.

АК, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары