У Горадні не дазволілі каталіцкіх калядных сустрэч у школах


Фота budzma.by

Кіраўніцтва аддзелу адукацыі Гарадзенскага гарвыканкаму не дазволіла правядзенне калядных сустрэчаў у школах гораду, дзе існуе факультатыўнае вывучэнне польскай мовы.

Святочнае ламанне аплаткам забаронена ў сувязі з тым, што ў такіх сустрэчах разам з дзецьмі традыцыйна ўдзельнічаюць супрацоўнікі генеральнага консульства Польшчы, каталіцкія святары і прадстаўнікі паланійных арганізацыяў, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Беларусі.

Рашэнне прынята паводле загаду абласнога ўпраўлення КДБ, супрацоўнікі якога ўбачылі ў калядных сустрэчах ідэалагічную небяспеку. Такія дзеянні, на думку старшыні Гарадзенскай гарадской арганізацыі непрызнаванага ўладамі Саюзу палякаў Паўла Кмеціка, з’яўляюцца праявай распальвання міжнацыянальнай і міжканфесійнай варожасці:

«Гэта нонсенс. Ідзе падзел дзяцей. Нават і не ведаю, якімі поглядамі кіраваліся тыя, хто забараняў. Атрымліваецца, ёсць добрая вера, а ёсць кепская вера. А гэта ніколі не давядзе да добрай справы».

Гарадзенскія ўлады, пачынаючы з новага навучальнага года, істотна абмежавалі факультатыўнае вывучэнне польскай мовы ў агульнаадукацыйных школах гораду. Акрамя таго, зачыненая адзіная польскамоўная група ў дзіцячым садку № 83. Шмат якія настаўнікі польскай мовы мелі размовы з супрацоўнікамі КДБ, якія пагрозамі спрабавалі змусіць педагогаў адмовіцца ад выкладання польскай мовы.

МЯ, паводле racyja.com

Глядзі таксама
Каментары