У Горадні на святкаванні перамогі пад Воршай былі рыцары, а біскуп узгадаў пра Данбас (фота)


У Горадні 500-я ўгодкі перамогі пад Воршаю адзначылі святою імшою на лаціне ды інтэрнацыянальным канцэртам.

Кафедральны гарадзенскі касцёл не быў поўны, але людзей было больш, чымся ў звычайны панядзелак. Людзі падзяліліся на каталікоў, якія прыйшлі ў касцёл, каб памаліцца ў свята Маці Божай, і тых, хто завітаў на ўрачыстасць, якой ужо паўтысячы годоў. Біскуп Казімір Вялікаселец з Пінскай дыяцэзіі памаліўся за ваяроў, якія змагаліся за свае землі.

Адчуванне сярэднявечча стварылі таксама рыцары з гарадзенскага клубу святога Патрыка, што выйшлі ва ўрачыстай працэсіі пад гукі пераможнай музыкі на пачатку імшы. Следам за імі крочылі біскуп і святары.

Веліч моманту стваралі і пяць хароў, што спявалі на мовах трох народаў. Аднак за ўвесь час імшы ніхто ані слова не прамовіў па-беларуску. «Мы, палякі…», «У Польшчы спрадвеку», – казаў святар. Ён прыгадаў гісторыю перамогі ў няроўным баі пад Воршаю.

Падзеі на усходзе Украіны прыгадаў біскуп Казімір Вялікаселец: «Расея адышла ад Хрыста. Данбас адышоў ад Хрыста. Там не будуюць касцёлы», – казаў святар. Ён прапанаваў паглядзець на трыкалор як на заклік да расейцаў: белы колер – імкнуцца да святасці, блакітны – аддаваць сябе пад апеку Маці Божай, чырвоны – жыць з Хрыстом уваскрэслым.

Горадню з Воршаю лучыць святы Казімір. Існуе легенда, што гэты заступнік Гарадзенскае дыяцэзіі з’явіўся ваярам падчас бітвы на кані на чале войскаў ВКЛ і Кароны Польскае. У катэдры захавалася невялікая выява тое падзеі. Пасля імшы святары з вернікамі памаліліся перад згаданым абразам.

Пасля імшы канцэрт далі жаночы хор з Вильни ды мужчынскі з Менску “Унія”. Свята зладзілі Генеральнае консульства Польшчы і Генеральнае консульства Літвы ў Горадні.

Настасся Фрода, belsat.eu

Стужка навінаў