У Горадні міліцыя затрымала 22-гадовага хлопца – яго падазраюць у абстрэле тралейбуса і аўтазапраўкі


У канцы ліпеня ў Горадні невядомы з пнеўматычнага пісталета абстраляў тралейбус і аўтазаправачную станцыю. Сёння гарадзенская міліцыя заявіла пра раскрыццё гэтай справы.

Як паведамляе сайт УУС, даведаўшыся, што міліцыя шукае сведкаў, на заклік праваахоўнікаў адгукнуўся жыхар Горадні, дзякуючы інфармацыі якога міліцыя і выйшла на след падазраванага.

«Цяпер у здзяйсненні хуліганства падазраецца мясцовы жыхар 1995 года года нараджэння. Разам з двума прыяцелямі на машыне бацькі без задняга дзяржнумары ён катаўся па горадзе, прычым за рулём сядзеў адзін, а сам малады чалавек быў нападпітку. У бардачку ляжаў газавы ТТ, прызначаны для стральбы металічнымі шарыкамі. Менавіта пры дапамозе яго хлопец абстраляў тралейбус і аўтазапраўку, а таксама як пазней атрымалася ўсталяваць, некалькі ліхтароў і бігбордаў», – паведамляюць у міліцыі.

Пасля гэтага падазраваны выкінуў пісталет у Нёман, а машыну аддаў у рамонт.

Крымінальная справа распачатая па артыкуле «хуліганства». Хлопец знаходзіцца ў СІЗА.

 

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў