У Горадні «маршам жыцця» узгадалі загінулых габрэяў у гады ІІ Сусветнай вайны


«Маршам жыцця» прайшліся гарадзенцы ды госці гораду па месцах, дзе ў часы ІІ Сусветнай вайны жылі габрэі. Удзельнікі маршу наведалі не толькі старыя габрэйскія камяніцы, але і тое месца, дзе раней было гета.

Ужо трэці год запар гарадзенскія габрэі адзначаюць Дзень катастрофы ды гераізму габрэйскага народу 27 чысла па месяцы нісан, згодна іўдзейскаму календару. Па грыгарыянскаму календару гэтая дата адзначаецца 23 красавіка. У 2017 годзе па ўсяму свету акцыя атрымала назоў «Аднавіць рысы іх твараў».

Узгадаць загінулых габрэяў у Горадні сабралася каля 70 чалавек. Сярод іх былі прадстаўнікі з Літвы, Расіі, Ізраіля ды таксама беларусы. На месцы былога гета было запалена дзве свечкі – адна ад габрэяў, другая ад прадстаўнікоў хрысціянства.

Генеральны консул Польшчы ў Горадні Яраслаў Ксёнжэк.

Да маршу далучыліся святары лютэранскай ды каталіцкай царквы, а таксама генеральны консул Польшчы ў Горадні Яраслаў Ксёнжэк.

Па ўсяму свету ў гэты дзень узгадваюць больш за 6 мільёнаў ахвяраў-габрэяў. Як зазначыў Рыгор Абрамовіч – адзін з арганізатараў маршу, які з’яўляецца менскім рабінам, што ў гэты дзень шануецца памяць не толькі габрэяў, але і тых, хто ратаваў габрэяў, рызыкуючы ўласным жыццём. Галоўная ідэя маршу – не дапусціць у будучыні аніякага генацыду.

Глядзіце ўсе фота:

Генеральны консул Польшчы ў Горадні Яраслаў Ксёнжэк.
Яраслаў Ксёнжэк

МД, belsat.eu

Стужка навінаў