У Горадні хлопец пікетаваў за адстаўку кіраўніка ўпраўлення аховы здароўя


У абласным цэнтры прайшоў адзіночны пікет з патрабаваннем адстаўкі кіраўніка абласнога ўпраўлення аховы здароўя Андрэя Стрыжака.

Паводле актывіста Анатоля Мышкевіча, які выйшаў да аблвыканкаму з плакатам, віна чыноўніка ў тым, што ён падпісаў загад, згодна з якім асобаў незарэгістраваных у вобласці не прымаюць у шпіталі Гарадзеншчыны.

Анатоль Мышкевіч распавёў гісторыю свайго дзядулі-інваліда І групы, якому стала дрэнна з прычыны анкалагічнага захворвання. Аднак у шпіталі № 4 мужчыне адмовілі ў аказанні дапамогі.

«Доктар яго нават не стаў глядзець. Ён паглядзеў на картку, што там напісана прапіска Менская вобласць і нават не падышоў да хворага не агледзеў яго, нічога, а адразу пачаў, спасылаючыся на загад № 344 ад 13 красавіка 2017 года», – кажа актывіст Анатоль Мышкевіч.

Праз два дні пасля інцыдэнту дзядуля Анатоля Мышкевіча памёр. Цяпер актывіст звярнуўся ў пракуратуру і да мясцовых уладаў з адпаведнымі скаргамі. Маладзён абяцае выходзіць да выканкаму рэгулярна пакуль улады не адрэагуюць на ягоныя звароты. Што праўда, улады хутка адрэагавалі – затрыманнем актывіста.

belsat.eu

Стужка навінаў