У Горадні адраджаюць традыцыю каралеўскіх баляў


Гарадзенцы пастанавілі адрадзіць традыцыю правядзення каралеўскіх баляў.

Першая ўрачыстасць – «Вальсавы праменад» – адбылася ў мінулыя выхадныя. Удзельнікі першага балю пад назваю «Вальсавы праменад» сабраліся ў абласным драмтэатры, успомнілі ў майстар-класах тэхніку вальсу, сталі ўдзельнікамі гульняў, якія былі папулярныя ў салонах у ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў. На балі гучала жывая музыка ў выкананні менскага музычна-гістарычнага ансамблю «Doux Souvenir».

Гасцям першага балю раілі арыентавацца на дрэс-код у арыстакратычным стылі. Мужчынам рэкамендавалі з’явіцца на баль у касцюме з кашуляй, мятлікам і ў пальчатках. Дам прасілі быць у вячэрніх або бальных сукенках, у туфлях на невысокіх абцасах, у пальчатках і з веерам. Гэткая вопратка, падкрэслілі арганізатары, дапаможа сучаснаму чалавеку «на некалькі гадзін адмовіцца ад мітусні, акунуцца ў атмасферу мінулага і адчуць сябе арыстакратам».

Горадню называюць каралеўскім горадам, бо кароль польскі і вялікі князь літоўскі Стэфан Баторый у 1576 годзе перабудаваў палац, вядомы як Стары замак, у якім зрабіў для сябе рэзідэнцыю аж да сваёй смерці. Бываў у горадзе кароль польскі і вялікі князь літоўскі Аўгуст Моцны. Ягоны сын Аўгуст ІІІ збудаваў у Горадні Новы замак, бо папярэднюю каралеўскую рэзідэнцыю моцна знішчылі падчас вайны са шведамі. У 1775 годзе ў Горадні ад трону адрокся апошні манарх Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі ды пражыў пасля гэтага ў горадзе некаторы час, аж пакуль не выехаў у Пецярбург.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН, БелТА, фота 015.by

Стужка навінаў