У Горадні адкрылася выстава пра палякаў, якія ратавалі габрэяў падчас вайны


Галоўныя героі выставы і фільму – людзі, якія засталіся людзьмі. Фота – Лідзія Мелькіс / «Вечерний Гродно»

У гарадзенскай харальнай сінагозе адкрылася выстава, прысвечаная польскаму руху «Жэгота», які дапамагаў ратаваць габрэяў пад нямецкай акупацыяй. Мерапрыемства, якое арганізавалі консульства Польшчы ў Горадні і габрэйская супольнасць, прымеркаванае да гадавіны пачатку Другой сусветнай вайны.

Арганізатары хочуць нагадаць наведнікам выставы аб тым, да чаго можа давесці распальванне нянавісці, але таксама хочуць распавесці аб прыкладах мужнасці і самаахвярнасці ўдзельнікаў «Жэготы».

«Каб людзі паважалі адзін аднаго, яны павінныя ведаць, а не жыць міфамі, байкамі, уяўленнямі трэціх асобаў пра іншых. Нашая мэта – пазнаёміць аўдыторыю праз кіно і выставу з гэтай цікавай гісторыяй», – кажа «Белсату» арганізатар выставы Яўген Калодзін.

«Жэгота» – кодавая назва падпольнае «Рады дапамогі габрэям», якая існавала са снежня 1942 года аж да канца вайны.

Паводле генеральнага консула Польшчы ў Горадні Ярослава Ксёнжэка, «трэба паказваць тое зло, што адбывалася раней, каб гэта дайшло да людзей, асабліва маладых».

«Але трэба і хваліцца тым, што было добрага ў тых нечалавечых умовах», – дадае консул.

Наведнікі вернісажу змаглі паглядзець фільм «Жонка наглядчыка заапарку» на беларускай мове. Стужка распавядае пра рэальны подзвіг варшаўскай сям’і Жабіньскіх, якія, рызыкуючы ўласным жыццём, уратавалі ад нацыстаў больш за 300 габрэяў.

ЯС/ДД

Стужка навінаў