У Горадні адкрылася Ганаровае Консульства Кыргызстану


Урачыстае адкрыццё консульства прайшло 28 лютага.

Прадстаўніком Кыргызстану ў Горадні стаў Ігар Чывін.

«Гэтая падзея стала знакавай у гісторыі кіргізска-беларускіх адносінах», – зазначыў амбасадар Ігар Чывін. Дыпламат лічыць, што ў першую чаргу консульства будзе абараняць інтарэсы грамадзянаў Кыргызскай Рэспублікі.

«Тут праходзіць мяжа з Літвой і Польшчай, і вельмі шмат кіргізскіх перавозчыкаў, якія перасякаюць мяжу. Можа быць, калі ў іх будуць узнікаць нейкія цяжкасці, то ў першую чаргу [будзем] вырашаць іхныя праблемы, – заявіў Чывін. – Калі браць глабальна, перш за ўсё будзем спрыяць развіццю эканамічных адносінаў, якія маюць значэнне для абедзвюх краін. Хоць на сённяшні момант увесь тавараабарот невялікі, каля $ 3,5 млн, але мяркую, што адкрыццё консульства будзе спрыяць таму, што з’явіцца нейкая база для кіргізскіх прадпрыемстваў. І каб прадставіць сваю прадукцыю тут у Беларусі, і каб прадставіць турыстычныя магчымасці Кыргызстану – вялікія горы, чыстае паветра, возера Ісык-Куль – харошы бюджэтны адпачынак для грамадзянаў Беларусі».

Новы пасол зазначыў, што з гарадскімі ўладамі Горадні ўжо вядуцца размовы, каб пастаўляць у Кыргызстан малочную прадукцыю і прадукцыю дрэваапрацоўкі.

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кыргызскай Рэспублікі Кубанычбек Амураліеў.

На адкрыцці прысутнічаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кыргызскай Рэспублікі Кубанычбек Амураліеў, які ветліва папрасіў устрымацца ад пытанняў адносна экс-прэзідэнта Кыргызстану Куманбека Бакіева, якога кіргізская апазіцыя звергла ў часе рэвалюцыі ў 2010-м годзе і які зараз знаходзіцца ў палітычнай эміграцыі ў Беларусі.

«Я не хацеў бы палітыкаваць нашае мерапрыемства, – заявіў Амураліеў. – Гэтае пытанне заўсёды стаіць на павестцы дня. Сітуацыя не змяняецца. Яны жывуць цяпер у ізаляцыі. Ці ж гэта жыццё? Лепш проста самае харошае перадайце пра мерапрыемства і пра нашу краіну. Бачыце, музыка, усё ў двары пачысцілі. Бачыце, як усё добра».

На тэрыторыі консульскай акругі Гарадзенскай і Берасцейскай вобласці стала пражывае крыху больш 20-ці грамадзян Рэспублікі Кыргызстан, а на ўсёй тэрыторыі Беларусі – каля 50-ці чалавек.

Новае консульства ў Горадні знаходзіцца па адрасе вул. Дзяржынскага 7а.

ПВ

Стужка навінаў