Шыльду ў гонар Тадэвуша Касцюшкі адкрылі ў Фарным касцёле ў Горадні


Да 200-й гадавіны са дня смерці нацыянальнага героя Беларусі, Польшчы і ЗША ў галоўным касцёле Горадні усталявалі табліцу, якая ўшаноўвае памяць Тадэвуша Касцюшкі.

Урачыстае адкрыццё шыльды ў гонар Тадэвуша Касцюшкі ў Горадні. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

15 снежня пасля ўрачыстай літургіі ў кафедраным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Горадні, ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч, генеральны консул Рэспублікі Польшчы ў Горадні Яраслаў Ксёнжэк разам са старшынёй галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі гарадзенскага аблвыканкама Аляксандрам Версоцкім адкрылі шыльду з надпісам «Тадэвушу Касцюшцы. Удзячныя нашчадкі».

Урачыстае адкрыццё шыльды ў гонар Тадэвуша Касцюшкі ў Горадні. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Ініцыятарам выступіла Генеральнае консульства Рэспублікі Польшча ў Горадні. Саму шыльду вырабілі з адмысловага шкла і ўсталявалі з левага боку ад галоўнага алтара, якраз насупраць ранейшай табліцы ў гонар Касцюшкі, якую сто гадоў таму павесілі яго родныя.

Урачыстае адкрыццё шыльды ў гонар Тадэвуша Касцюшкі ў Горадні. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

«Мы сёння пачулі біяграфію Касцюшкі. Чаго ў ёй не было?! Беларусь, Польшча, Францыя, Шверйцарыя, Злучаныя штаты, у пэўным сэнсе Расея. Што ў ім было такога? Кажучы па-сучаснаму, цікава, які сёння пашпарт ён бы меў? Беларускі, польскі, літоўскі, украінскі, амерыканскі, французскі ці швейцарскі? Цяжка сказаць. Я не ведаю, як адказаць на гэтае пытанне. Але ва ўсіх гэтых нацый частка Касцюшкі засталася. Заўсёды ў яго біяграфіі з’яўляліся гэтыя моманты розных народаў. Але Касцюшка – гэта не толькі геаграфія, гэта не толькі пытанне пашпарту, але пытанне, чаго ён дасягнуў у жыцці. Сто гадоў таму нашыя продкі вырашылі змясціць табліцу Тадэвушу Касцюшцы. Мінула сто чарговых гадоў. І падалося відавочным, што неабходна зрабіць тое самае. Гэта добры і прыгожы працяг. Будзем мець надзею, што гэты жэст будзе трывалым і будзе спалучаць нас усіх, не ставячы пытанне пра пашпарт Касцюшкі, але пра яго веліч і дасягненні», – сказаў генеральны консул РП у Горадні Яраслаў Ксёнжэк перад адкрыццём памятнай табліцы.

Урачыстае адкрыццё шыльды ў гонар Тадэвуша Касцюшкі ў Горадні. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Сваю падзяку ўсім тым, хто спрычыніўся да ўсталявання ганаровай шыльды выказаў таксама старшыня галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі гарадзенскага аблвыканкама Аляксандр Версоцкі.

«Бывае так, што чалавек усё сваё жыццё аддае нейкай справе, а праходзіць час і тое, што ён рабіў, абясцэньваецца. Вельмі прыемна назіраць, што тыя мары і ідэі, якімі жыў Тадэвуш Касцбшка, якім ён прысвяціў сваё жыццё, трываюць далей. Я згодны з тым, што было сказана раней: гэта быў чалавек свабодны. І тыя краіны, у якіх прайшло яго жыццё, я кажу пра Беларусь, я кажу пра Польшчу, Злучаныя штаты Амерыкі, яны свабодныя. І яны будуць самі вызначаць свой лёс. Я жадаю, каб тыя ідэі, якімі жыў Тадэвуш Касцюшка, мелі як мага большы працяг на нашай радзіме», – зазначыў Аляксандр Версоцкі ў часе прамовы.

Урачыстае адкрыццё шыльды ў гонар Тадэвуша Касцюшкі ў Горадні. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат.Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Шыльду ў гонар патрыёта, які змагаўся за незалежнасць Рэчы Паспалітай супраць Расейскай імперыі ў касцёле св. Францішка Ксаверыя ўсталявалі невыпадкова. Менавіта ў Горадні адбыўся «маўклівы» гарадзенскі сейм, у часе якога быў зацверджаны ІІ падзел Рэчы Паспалітай. 30 верасня 1794 года ў Горадню прыбыў Тадэвуш Касцюшка на чале паўстанцкіх войск, аднак пасля падаўлення паўстання, горад ізноў занялі войскі Расейскай імперыі.

Сёлета на talaka.org распачаўся збор сродкаў на помнік Тадэвушу Касцюшку ў Беларусі. Ініцыятарам гэтага праекту выступіў вядомы журналіст, у тым ліку вядоўца «Белсату», Глеб Лабадзенка.

ПВ, belsat.eu

Стужка навінаў