У Горадні абмеркавалі далейшы лёс Старога замка. «Цыбуліну» ўсё ж пакінуць


Амаль два гады не спыняюцца спрэчкі гісторыкаў вакол праекту рэстаўрацыі Старога замка ў Горадні. 24 ліпеня прадстаўнікі мясцовых уладаў, навукоўцы, гісторыкі, будаўнікі і журналісты сустрэліся за круглым сталом, каб у ходзе дыскусіі вырашыць і абмеркаваць, што рабіць далей з гарадзенскім палацам.

Дыскусія атрымалася вельмі гарачай, бо нарэшце неабыякавыя гісторыкі і прадстаўнікі грамадскасці атрымалі магчымасць адкрыта задаць вострыя пытанні аўтарам рэстаўрацыйнага праекту.

Стары замак у часе рэстаўрацыі ў Горадні. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Падчас свайго выступу кіраўнік праекту рэканструкцыі Уладзімір Бачкоў патлумачыў, якімі высілкамі ўзгадняўся праект і чаму было вырашана аднавіць выгляд замка менавіта ў перыяд XVI-XVII ст.

Стары замак у часе рэстаўрацыі ў Горадні. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

З ягоных словаў, яшчэ ў 90-м годзе правялі ўсе неабходныя археалагічныя даследаванні і надрукавалі Гісторыка-археалагічную даведку – 145 старонак тэксту, якую дапамагалі складаць сямёра мастацтвазнаўцаў. На базе гэтага дакументу пачаліся працы па распрацоўцы праекту.

Стары замак у часе рэстаўрацыі ў Горадні. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

У тыя гады пры Міністэрстве культуры Беларусі правялі некалькі навукова-метадычных нарадаў, дзе абмеркавалі тры асноўныя перыяды ў жыцці замка: ХІІ ст., гатычны замак Вітаўта і час рэнесансу – XVI-XVII ст. На другой нарадзе навукоўцы ўжо разглядалі праектныя прапановы па рэалізацыі канцэпцыі. Было тры варыянта, якія ўзгадняліся з поўным разуменнем будучых працаў.

Стары замак у часе рэстаўрацыі ў Горадні. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Пасля 94-га году пачалося зацішша і наступная нарада адбылася толькі ў 2007 годзе, а ўжо праз год у Міністэрстве культуры адбылося ўзгадненне інвестыцыйнага плану, без уліку купалу, вакол якога з’явілася шмат пытанняў. Першапачаткова быў абраны адзін варыянт купалу – са скошанымі бакамі.

Стары замак у часе рэстаўрацыі ў Горадні. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

«Натуральна, што мы сыходзілі з усіх распрацовак і матэрыялаў, што мы знаходзілі. Мы вырашылі рэканструяваць галерэю XVI ст. у чыстым выглядзе з жоўтай цэглы. І я лічу, што ў асноўным мы дзейнічалі абгрунтавана. Мы заняліся вывучэннем творчасці Санці Гучы (італьянскі архітэктар і скульптар, які пэўны час працаваў у Горадні па запрашэнні каралевы Боны Сфорцы – Заўвага рэд.), ягонай школы. І ў нас атрымалася выканаць маштабную працу па дэталізацыі. Мы разумеем, што выкарыстоўваў Гучы і што мог выкарыстоўваць у гэтай пабудове. Аднак, калі ў 2014 годзе Акадэмія навук палічыла кошт працы па купалу, то аказалася, што яго кошт вышэйшы, чым усе самыя вялікія працы на замку разам узятыя. І нам давялося сябе абмежаваць. У Міністэрства культуры зараз былі накіраваны некалькі яго варыянтаў», – заявіў падчас выступу Уладзімір Бачкоў.

Састарэлы метад рэстаўрацыі?

З кіраўніком праекту Уладзімерам Бачковым не пагаджаецца архітэктар-рэстаўратар Зміцер Савельеў:

«На мой погляд, праблема ў самым падыходзе да рэстаўрацыі. Стылізацыя на XVI ст. – гэта састарэлы метад рэстаўрацыі. Сёння важна захоўваць розныя перыяды. Аднак спадар Бачкоў сказаў, што не бачыць ніякай мастацкай і гістарычнай каштоўнасці ў тым жа XIX ст. Такія рэчы не можа казаць спецыяліст. Для мяне асабіста яго аўтарытэт падарваны. Частка брамнай вежы была знішчана і перакладзена новай кладкай. Другая праблема, што па выглядзе вежы 16 ст. мы маем толькі недакладны малюнак, які не пацвярджаецца іншымі крыніцамі. Як мне падаецца, такая рэканструкцыя не можа мець месца».

Стары замак у часе рэстаўрацыі ў Горадні. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

На думку архітэктара-рэстаўратара, пазітыўны момант усё роўна ёсць: будаўнікі і кіраўніцтва рэстаўрацыі ўлічваюць вынікі археалагічных даследаванняў, якія трываюць дагэтуль, і пагаджаюцца на некаторыя змены ў праекце.

«Аднак пра гэтыя змены на базе археалагічных даследаванняў ведаюць толькі спецыялісты і яны не паўплываюць на вонкавае ўспрыняцце замка. Асяроддзе замка змянялася цягам некалькіх стагоддзяў і, калі мы аднаўляем ХVI-XVII ст., знішчаецца фасад, і разам з тым агульны выгляд. Так нельга рабіць. Увогуле пад пытаннем, колькі часу той замак быў каралеўскай рэзідэнцыяй. У большасці ён выконваў зусім іншую функцыю, і важны кожны перыяд звязаны з існаваннем замка. Але самая галоўная і страшная рэч – гэта тое, што «цыбуліна» усё роўна застанецца. Гарадзенскія ўлады хочуць карцінку, аднак там, дзе пачынаецца стылізацыя, рэстаўрацыя заканчваецца», – тлумачыць адмыслоўца.

«Тым не менш, гэта пачатак дыялогу»

Старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч прызнаецца: на круглы стол ён ехаў з перакананнем, што глабальныя пытанні па рэстаўрацыі не будуць вырашаныя. Асабліва з увагі на тое, што праект узгоднены і прайшоў экспертызу, ёсць дазвол з Дзяржбуднагляду.

«Змяніць нешта вельмі цяжка. Для мяне асабіста – гэта проста абмен думкамі і пачатак дыялогу, таму што наперадзе – другі і трэці этап рэстаўрацыі», – кажа Астаповіч.

Стары замак у часе рэстаўрацыі ў Горадні. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Акрамя таго беларускі гісторык і культуролаг вельмі ўсцешаны зменамі, якія ўносяцца цягам усяго працэсу рэстаўрацыі.

«Зараз ужо рэальна ідуць змены ў праекце. Нават змены планіровак, змены высотных адзнак. Камяніца, якую спачатку прысудзілі да дэмантажу, зараз захоўваецца. Змены ідуць пастаянна, і тут мы ў першую чаргу можам дзякаваць нашаму Міністэрству культуры і менавіта прынцыповай пазіцыі спецыялісткі Краюшкінай Святланы, якая вельмі скрупулёзна вывучае праектную дакументацыю, усе праектныя прапановы, матэрыялы комплексна-навуковых вышуканняў, пасля чаго ініцыюе ўнясенне гэтых зменаў», – дадае Антон Астаповіч.

Паўліна Валіш, belsat.eu

Стужка навінаў