У Гомлі ўзгадваюць Міхаіла Жызнеўскага, які загінуў год таму на Майдане


Бацькі маладзёна, які ахвяраваў жыццё за Украіну, кажуць, што атрымалі падарунак ад сына з таго свету.

Што бацькі маладзёна, які ахвяраваў жыццё за Украіну, называюць падарункам ад сына з таго свету?

Год таму ў сутыкненнях на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве загінуў беларус Міхаіл Жызнеўскі. Ён атрымаў агнястрэльнае раненне ў сэрца. Да 26 гадоў ён не дажыў 4 дні.

У гадавіну пачатку Еўрамайдану 21 лістапада 2014 прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка падпісаў указ аб прысваенні звання Героя Украіны загінулым падчас пратэстаў на Майдане. Гэткае званне маглі прысудзіць тром замежным грамадзянам, сярод якіх быў Міхаіл Жызнеўскі. Яны былі ўзнагароджаныя, аднак, толькі ордэнамі Героя Нябеснай сотні, бо званне Героя, паводле ўкраінскага заканадаўства, могуць атрымаць толькі грамадзяне Украіны. Ордэн бацькам Міхаіла ўручыў 28 лістапада 2014 года Пятро Парашэнка.

У Кіеве на вуліцы Грушэўскага ў лістападзе 2014 года адкрылі мемарыял Міхаілу Жызнеўскаму. У Беларусі яго магіла неаднаразова падвяргалася актам вандалізму, на якія мясцовыя органы ўнутраных спраў не рэагуюць. Удзельнікаў акцый за ўсталяванне помніка Міхаілу ў Беларусі арыштоўваюць.

Міхаіл марыў пра тое, каб купіць у Гомлі кватэру сваім бацькам. Дзякуючы падтрыманню розных фондаў, а таксама збору сродкаў, арганізаванаму і ва Украіне, і ў Беларусі, гэтую мару ўдалося ажыццявіць. Яго бацькі пераехалі ў асобную кватэру.

«Вось такі падарунак з таго свету ад сына. Але нам ад гэтага падарунка балюча і крыўдна. Мы б лепш жылі пад плотам, толькі б Міша быў жывы», – сказала маці маладзёна Ніна Жызнеўская ў інтэрвю радыё «Свабодзе».

ІЧ, belsat.eu

Стужка навінаў