У Гомлі збіраюць подпісы за з'яўленне цалкам беларускамоўнага дзіцячага садка


У горадзе над Сожам абмеркавалі стан беларускамоўнай адукацыі. Гомельскі дэмакратычны форум зладзіў сустрэчу для бацькоў, якія б хацелі, каб іх дзеці вучыліся на роднай мове і наведвалі беларускамоўны садок.

Сваім досведам арганізацыі беларускамоўнага выхавання падзялілася сям’я Міколы Бянько і Юліі Сівец, чый трохгадовы Стась сёлета так і не здолеў пайсці ў садок, дзе б з ім размаўлялі па-беларуску.

Мікола і Юлія распавялі пра тое, як кіраўніцтва дзіцячага садка, куды яны меліся сёлета аддаць свайго сына, зладзілі так званае апытанне бацькоў. Высвятлялі, ці варта адкрываць у дашкольнай установе беларускамоўную групу, якую ініцыявалі бацькі Стася.

Юлія Сівец і Мікола Бянько з сынам

«У піянеры прымаюць без апытанняў, а ў садок трэба збіраць групу праз апытанне»

Найперш, кіраўнікі адукацыйнай установы паставілі ўмову, што групу створаць пры ўмове, што Мікола і Юлія змогуць сабраць у яе як мінімум 19 чалавек. Чаму менавіта столькі – ніхто патлумачыць так і не здолеў. Зразумела, што сабраць такую колькасць трохгадовых дзетак, ды яшчэ каб бацькі мелі магчымасць штодня вазіць іх у гэты садок, не атрымалася. Але Мікола з Юляй не гублялі надзеі дамагчыся беларускамоўнай групы.

Тады чыноўнікі ад адукацыі зладзілі ў садку «апытанне». Бацькам прапанавалі анкету, праз якую меліся высветліць, ці патрэбная ў садку беларускамоўная група. Шэсць сем’яў ініцыятыву падтрымалі, іншыя выказаліся супраць. Група з беларускай мовай так і не з’явілася.

«Калі дзяцей прымаюць у піянеры ці ў БРСМ, ніхто не праводзіць апытанняў, галасавання бацькоў ці нечага такога. Увогуле ні ў каго не пытаюць, ці хоча нехта туды ўступаць. А як пытанне датычыць беларускай мовы, сістэма адукацыі рэзка ўключае дэмакратыю», – гаворыць Юлія Сівец.

Юлія Сівец і Мікола Бянько

«Мы лічым, што дзіцячы садок з беларускай мовай выхавання ў Гомлі павінен быць створаны. А ўжо зрабіць яго найлепшай, элітарнай дашкольнай установай, каб туды імкнуліся аддаць сваё дзіця жыхары гораду, мы зможам», – дадае Мікола Бянько.

Вялікай папулярнасцю сярод гамельчукоў карыстаюцца курсы «Мова Нанова», вядоўцамі якіх менавіта і з’яўляюцца Мікола і Юлія. На курсах «Мова дзяцей», якія вядзе старшыня гомельскай суполкі ТБМ Алеся Аўласевіч, увогуле нечаканы ні для каго аншлаг – сюды прыводзяць сваіх малых каля 70 сем’яў. Размаўляць па-беларуску вучацца дзеці самых розных узростаў.

Чыноўнікі не вераць у папулярнасць беларускай мовы

Гарадскія ўлады не вераць, што ў Гомлі ёсць зацікаўленасць у стварэнні беларускамоўных садкоў ці школаў.

«Чыноўнікі з упраўлення адукацыі крыўдзяцца: маўляў, вы ж кажыце ўсім, што мы «за» беларускія садкі і школы, але ж бацькоў, ахвочых туды аддаць дзіця, няма», – гаворыць Алеся Аўласевіч.

На сустрэчы склалі адпаведны зварот аб стварэнні ў горадзе цалкам беларускамоўнага дзіцячага садка. Цяпер збіраюць подпісы. Актывісты дамовіліся стварыць базу бацькоў, якія маглі б паўдзельнічаць у змаганні за права выхоўвацца і вучыцца па-беларуску, і сумесна каардынаваць намаганні.

Андрусь Гаёвы belsat.eu

Стужка навінаў