5 базавых велічыняў штрафу за лаянку прысудзілі журналісту Яўгену Меркісу (СТРЫМ)


Яўгена Меркіса асудзілі у Навабеліцкім судзе Гомля на 5 базавых велічыняў штрафу за нецэнзурную лаянку. Суд адбыўся а 11:10, суддзя Сяргей Новікаў. «Белсат» вёў стрым з судовага паседжання.

Яўген Меркіс абвінавачаны па артыкуле  17.1 «дробнае хуліганства», нібыта ён лаяўся матам у грамадскім месцы, а менавіта – у двары дому па вуліцы Ільіча ў Гомелі. Журналіста затрымалі 30 красавіка напярэдадні санкцыянаванай першамайскай акцыі, з якой ён планаваў асвятляць. 

«Гомельскія ўлады былі занепакоеныя тым, што я меўся весці трансляцыю з акцыі 1 траўня ў Гомлі, таму мяне і затрымалі. Але на нашай дзейнасці гэта ніяк не адлюстравалася. Улічваючы досвед іншых калег, я так і думаў, што гэта было прэвентыўнае затрыманне, каб ізаляваць мяне менавіта на 1 траўня. Лагічна, што пасля гэтага мне далі проста штраф. Гэта палітычная імпатэнцыя і імітацыя ў тым сэнсе, што замест таго, каб вырашаць сапраўдныя праблемы, яны чапляюцца да журналістаў, да актывістаў, якія нічога супрацьпраўнага не робяць», кажа Яўген на выхадзе з суду. 

Яўгена Меркіса чакае яшчэ адзін суд за асвятленне першай спробы выхаду Максіма Філіповіча на волю. За гэту трансляцыю на мінулым тыдні на журналіста склалі пратакол. Суд меўся адбыцца на гэтым тыдні.

11:37 Рашэнне суду: 5 базавых велічыняў штрафу. Суддзя выносіць рашэнне без перапынку на абмеркаванне.

11:33 Прамаўляе другі сведка.

«Быў затрыманы, калі мы патруліравалі вуліцу Ільіча. Ён лаяўся матам, мы зрабілі яму заўвагу, але ён не рэагаваў, і працягваў лаяцца. Там у двары былі дзеці, мужчыны, жанчыны. Выражаўся на рускай мове».

11:28 Прамаўляе сведка – супрацоўнік міліцыі.

«Два дні назад мы працавалі аператыўнай групай з напарнікам. Прайшлі ў двор і звярнулі ўвагу на мужчыну, які размаўляў сам з сабой нецэнзурнай лаянкай. Мы зрабілі яму заўвагу, а ён яшчэ раз вылаяўся. Мы пасадзілі яго ў машыну і даставілі ў РАУС» 

11:25 Яўген сведчыць у судзе:

«Па дарозе дадому мяне нагналі амапаўцы і сказалі, што я лаяўся матам. Нецэнзурна я не выражаюся, я чалавек з вышэйшай адукацыяй, і лічу іх абвінавачванні ілжывымі. Я размаўляю кожны дзень па-беларуску, і не ведаю нават, якім чынам па-беларуску можна нецэнзурна лаяцца»

11:20 Журналістку «Белсату» выдалілі з залі суду. Аўдыётрансляцыя паседжання працягваецца.

11:18 Пачынаецца суд.

Яўген : «Няма нараканняў, да мяне ставяцца ветліва»

11:05 Яўгена завялі ў пакой судовага паседжання, але журналістаў пакуль туды не пускаюць. Падтрымаць журналіста прыйшлі сябры, калегі, праваабаронцы, старшыня Гомельскай філіі Беларускай асацыяцыі журналістаў Анатоль Гатоўчыц.

10:00 «Белсат»: – Яўген, у чым цябе абвінавачваюць?

– Мне шыюць лаянку ў публічным месцы.

– На што ты лаяўся?

– Я не ведаю, на што я мог лаяцца, але вось тут сядзяць тэатралы, два амапаўца, якія дагналі мяне і сказалі, нібыта самі чулі, што я брудна лаяўся ў публічным месцы.

– Як там у ІЧУ, што там зараз адбываецца?

– У ІЧУ мяне патрымалі двое сутак, атрымліваецца. Бачна, што ўсе гэтыя адсідкі грамадскіх актывістаў далі плён у тым сэнсе, што яны спрабавалі даць мне лепшае, што там толькі магчыма. Я сядзеў адзін, мне забяспечылі самую лепшую бялізну.

– Цябе кормяць?

– Я асабіста ад іх не прымаў ежы.

Журналіста затрымалі 30 красавіка напярэдадні санкцыянаванай першамайскай акцыі, з якой ён планаваў асвятляць. Праваахоўнікі даставілі журналіста-фрылансера ў Навабеліцкім РУУС. Паводе іх, Яўген лаяўся матам. Затрыманнем кіраваў маёр Кісліцкі.

За онлайны пратэстаў у Пінску, Рагачове, а таксама інтэрвʼю з дэпутатам Ігарам Маразлюком у Магілёве фрылансер ужо атрымаў 30 і 40 базавых велічыняў штрафаў адпаведна (разам 1610 рублёў).

У Гомлі пасля санкцыянаванага мітынгу затрымалі таксама журналістку Марыну Драбышэўскую і Ларысу Шчыракову. На абедзвюх склалі адміністрацыйныя пратаколы па арт. 22.9 КаАП «Парушэнне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі».

Стужка навінаў