У Гомлі семʼям з дзецьмі прапануюць бясплатную паслугу «Бабуля на гадзіну»


У Гомлі прапануюць незвычайную паслугу «Бабуля на гадзіну». Сутнасць яе заключаецца ў тым, што пенсіянеры-валанцёры ў семʼях гамельчукоў бясплатна пільнуюць маленькіх дзяцей, пакуль іх бацькі працуюць або займаюцца неадкладнымі справамі.

Ініцыятарамі гэтай паслугі сталі пенсіянеры з аддзялення для грамадзянаў сталага веку Навабеліцкага раёну Гомля. Паводле словаў загадчыцы аддзялення Алены Ушанавай, паслугай могуць скарыстацца перш за ўсё шматдзетныя, няпоўныя сямʼі, якія аказаліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі або якія выхоўваюць дзіця-інваліда, падае belta.by.

Звесткі пра такія семʼі ёсць у базе, таму бабулям-валанцёркам проста прапануецца аказваць дапамогу любой сямʼі з гэтага спісу.

«На дадзены момант паслугай карыстаюцца дзве сямʼі з Навабеліцкага раёну. Нехта з бабуль-валанцёрак прыходзіць да іх раз у тыдзень, нехта на званок бацькоў», – распавяла суразмоўца.

Асноўным «кадравым рэзервам» для паслугі «Бабуля на гадзіну» сталі актыўныя пенсіянеркі.

«Шмат з іх даўно выгадавалі сваіх дзяцей, паднялі на ногі ўнукаў, а цяпер ім важна ізноў адчуць сябе запатрабаванымі. У іх маюць патрэбу і маладыя бацькі, якія не маюць паблізу нікога, хто мог бы дапамагчы, бо бабулі валодаюць вялізным вопытам і ведамі і з задавальненнем гатовыя імі падзяліцца», – падкрэсліла Алена Ушанава.

Паслуга дастаткова новая, таму чаргі з семʼяў, якія жадаюць ёю скарыстацца, пакуль няма. Аднак спадарыня Ушанава ўпэўненая, што з часам яе ацэняць далёка за межамі Навабеліцкага раёну Гомля.

МЯ, паводле belta.by

Стужка навінаў