У Гомлі развіталіся з ратаўніком, які ўпаў з даху кароўніка


33-гадовы Кірыл Раманаў працаваў кіроўцам газавыратавальнай службы Гомельскага Хімзаводу, а раней служыў у МНС. Яго адправілі на ферму чысціць дах кароўніка. Мужчына сарваўся з 10-метровай вышыні і загінуў на месцы.

Інцыдэнт здарыўся 18 лістапада ў вёсцы Бушаўка Буда-Кашалёўскага раёну. Чыстка кароўнікаў не ўваходзіла ў наўпроставыя абавязкі мужчыны. У сувязі з хуткім прыездам Лукашэнкі ўсе сілы кінулі на тое, каб навесці парадак у ваколіцах.

Паводле сваякоў Кірыла, яго неаднаразова адпраўлялі на пабочныя працы: «Калі ён працаваў у групе экстранага рэагавання ў газавыратавальнай службе, яны, як і ў службах МНС, павінны сядзець і чакаць здарэнняў на заводзе. А кіраўніцтва палічыла як? Навошта дарма сядзець, і адпраўлялі іх на іншыя працы. То платы фарбаваць, то вагоны разгружаць з вуглём, лістоту чысціць. Імі проста сталі затыкаць дзіркі. А раптам бы ПП на заводзе здарылася, калі яны гэтыя кароўнікі чысцілі? Вось яно стаўленне да выратавальнай службе і каштоўнасці як супрацоўнікаў!»

На пахаванне прыехалі калегі Кірыла, а таксама адміністрацыя завода. Дырэктар прадпрыемства Дзмітрый Чарнякоў распавёў журналістам «Моцных навінаў», чаму, на ягоную думку, сарваўся Кірыл.

«Ёсць палажэнне, у якім напісана, што калі працы вядуцца далей, чым 2 метры ад краю даху, і вугалнахілу даху мінімальны – рамяні не прадугледжаныя. Кірылу на інструктажы казалі, каб ні ў якім разе не станавіўся на полікарбанат у цэнтры даху. Ён агароджаны. Каб туды патрапіць, трэба пералезці праз яго. Звярніце ўвагу на фота, якое ён дасылаў сваёй жонцы, яго ўжо публікавалі ў інтэрнэце. Фота зроблена з даху кароўніка менавіта з гэтай часткі, адкуль ён упаў. Навошта ён туды палез? Яго напарнікі нават папярэджвалі, каб ён там не хадзіў. Ён жа ратаўнік. Дзе быў яго інстынкт самазахавання?».

Сваякі зняпраўджваюць версію, што фота з даху кароўніка зрабіў Кірыл.

У Кірыла Раманава засталіся двое маленькіх дзяцей.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў