У Гомлі прыблізна 500 прадпрымальнікаў сабраліся на стыхійны мітынг


Блізу 500 індывідуальных прадпрымальнікаў сабраліся 18-га студзеня на стыхійны мітынг каля будынка Гомельскага аблвыканкаму на праспекце Леніна. Акцыя пачалася прыкладна а 16:00. Яе ўдзельнікі скандуюць: «Дайце нам працу!»

У аблвыканкаме праходзіць нарада рабочай групы з удзелам прадстаўнікоў індывідуальных прадпрымальнікаў, якія гандлююць на рынках вобласці, і падатковай службы па пытаннях працы ІП сёлета.

Да ўдзельнікаў мітынгу выйшла начальнік камітэту эканомікі аблвыканкаму Эльвіра Карніцкая, якая прапанавала прысутным прайсці ў залу Дому культуры «Юнацтва» для перамоў. Прадпрымальнікі рашуча адмовіліся, растлумачыўшы гэта тым, што яны 20 гадоў мерзлі зімой на марозе і цяпер няхай начальніца з імі таксама размаўляе на марозе. У сваю чаргу Карніцкая заявіла, што на вуліцы ніхто з імі размаўляць не будзе.

Глядзіце яшчэ >>> Прадпрымальніца: Баяцца ўсе, але рабіць штосьці трэба… выходзіць на плошчы

18-га студзеня ў цэнтры Менску акцыю салідарнасці з ІП правялі актывісты Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Яны перадалі ва ўрад прапановы развязання праблем малога бізнесу.

З 1-га студзеня ў Беларусі дзейнічае ўказ кіраўніка Беларусі № 222 «Аб рэгуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці і рэалізацыі тавараў індывідуальнымі прадпрымальнікамі і іншымі фізічнымі асобамі». Дакумент абавязвае ІП рэалізоўваць прадукцыю лёгкай прамысловасці, увезеную з краін Мытнага саюзу, з суправаджальнымі дакументамі. Аднак расейскія пастаўшчыкі, у якіх закупляюць тавар большасць беларускіх ІП, як правіла, адмаўляюцца выдаваць дакументы аб паходжанні прадукцыі або даюць фіктыўныя даведкі. У выніку бізнесоўцаў караюць штрафамі, у іх канфіскуюць тавар.

МЯ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў