Што было на другім паседжанні па справе француза Жаляна Віё


Жалян Віё

У судзе Гомельскага раёну сёння працягнуць разглядаць справу Жаляна Віё. Паседжанне пачалося а 10:00, Belsat.eu вядзе тэкставы онлайн.

15:55. У судзе абвешчаны перапынак, разгляд справы працягнецца 20 лістапада а 10:00.

15:25 Ёсць пытанні па галоўным рэчваым доказе – патроне. На экспертызу яго адпраўлялі ў поліэтыленавым пакеце, а на даследванне ён прыйшоў у папряовым. Акрамя таго, падчас затрымання (гэта бачна на відэазапісе з відэарэгістратараў) мытнік забраў патрон, сышоў кудысці і адсутнічаў каля гадзіны.

15:05. Адвакат нязгодны з вышэйшыми артыкулами, бо перакананы, што няма складу злачынства, няма дастатковых доказаў і не абвергнутая неасвядомленасць аб забароне перавозкі патрона.

15:03. Абвінаваўца просіць у якасці выключных абставінаў (патрон выдаў добраахвотна, раскайваўся, паказваў сябе з добрага боку, станоўча характарызуецца) прызначыць французу больш мяккае пакаранне. Просіць прызначыць вінаватым паводле ч.2 арт. 295 і даць 200 базавых штрафу, а таксама – вінаватым паводле арт. 333 і даць дадатковыя 200 базавых штрафу. Агулам прызначыць 300 базавых велічыняў штрафу, вызваліць з залі суда пад даручальніцтва.

14:54. Абвінаваўца заявіў, што Віё меў умысел на незаконнае перамяшчэнне зброі праз дзяржаўную мяжу Беларусі. Яго вінавацяць у набыцці, захоўванні, перамяшчэнні зброі, а таксама ў спробе правозу зброі праз мяжу. Ёсць нагода сцвярджаць, што Жалян Віё вінаваты, кажа абвінаваўца.

14:45. Паседжанне аднавілася. Жаляну паказалі патрон і запыталі, ці пазнае. Хлопец сказаў: «падобны». Тым часам суд перайшоў да прэній.

13:14. У судзе да 14:30 абвешчаны перапынак.

12:57. На відэазапісу бачна, як мытнік спыняе Жаляна і па-ангельску пытае, куды той ідзе і ці мае нешта штосьці забароненае. Хлопец пытаецца, ці забароненая куля, дастае, пачынае тлумачыць, што гэта сувенір. Памежнік пытаецца, ці толькі адну кулю мае Жалян Віё, на што той адказвае «так». Далей мытнік ідзе шукаць старэйшага.

12:49.

Судом былі запытаныя запісы з відэарэгістратараў памежнікаў і мытнікаў. У памежнікаў тэрмін захоўвання 30 дзён ужо выйшаў. Суддзя глядзіць запіс, які захаваўся ў мытніка Крыцкага. Запіс праводзіўся ў рэжыме тэставання, афіцыйна відэрэгістратарамі пачалі карыстацца на мяжы з 20 кастрычніка.

12:42. Сведку Касаткіна, памежніка, запыталі пра разыходжанне працэдураў на мяжы, апісаных заканадаўча і тым, як яны здзяйсняюцца ў рэчаіснасці. Пашпартны кантроль мае быць пасля праходжання мытнага, а ў выпадку Жаляна (да такога парадку прызвычаеная і большасць беларусаў) было наадварот. Касаткін адказаў, што гэта пытанне да мытнікаў.

12:19. Сяброўку Жаляна Віё з Менску Таццяну апыталі па тэлефоне. Яна пацвердзіла, што француз быў у яе тры дні, а потым паехаў у Гомель. Пра патрон дзяўчына даведалася ад следчага.

12:12.

З пратаколу апытання Жаляна: хлопец падарожнічаў каля трох месяцаў. Прыехаў у Беларусь да сяброўкі Таццяны, далей планаваў ехаць да сябра ў Кіеў. Сярод ягоных рэчаў былі: браслеты, манеты, гільза, яку французу падарылі ў Будапешце і патрон, які падарылі ў Польшчы. Супрацоўнікі, якія рабілі агляд, папярэдзілі пра наступствы ў выпадку, калі патрон акажацца баевым. Сказалі праехаць у Гомель на час правядзення экспертызы. Вінаватым сябе француз не лічыць.

11:52. Суддзя Тамара Застаўнецкая зачытала экспертнае заключэнне:

«Патрон з’яўляецца боепрыпасам для стральбы з 9-міліметровай зброі, зроблены завадскім спосабам, прыгодны для выкарыстання».

11:39. Зачытваюць пратакол агляду: што аглядалі, хто прысутнічаў, на які фотаапарат здымалі.

11:01. Як кажа памежнік, француз прайшоў пашпартны кантроль і на пытанне аб наяўнасці забароненага дастаў патрон і запытаўся, ці забаронены ён. Пры гэтым з Жалянам гаварыў іншы супрацоўнік, па-ангельску. Сведка патлумачыў працэдуру: спачатку праходзіцца памежны кантроль, далей пашпартны, затым памежнікі ў прысутнасці мытнікаў аглядаюць асабістыя рэчы. Аўдзеенка засняў патрон на відэарэгістратар і пайшоў дакладваць старэйшаму.

10:48. Журналісты падалі хадайніцтва на фотаздымку, якое было адхіленае, бо бок абвінавачвання выступіў супраць. Стала вядома, што ў канверце – гільза ад патрону. Патрон падчас даследавання быў адстрэлены, таму стаў гільзай. Тым часам слова ўзяў трэці сведка – супрацоўнік памежнай службы Дзяніс Аўдзеенка.

10:41. Перайшлі да разгляду рэчавых доказаў. Прад’явілі канверт, у якім знаходзіцца патрон 9 мм, знойдзены ў Жаляна Віё. Канверт падпісаны панятымі.

10:29. Пратакол вымання не чытала, але падпісала, прызналася Марыя Бурлак.

10:24. Сведка кажа, што панятых запрасілі ў памяшканне, дзе былі затрыманы, мытнікі і яшчэ «прыблізна дзве асобы». Калі панятыя ўвайшлі, ім паказалі патрон і сказалі, што ён быў знойдзены сярод рэчаў француза: дасталі, паказалі і хутка паклалі ў празрысты пакет. Усё гэта адбывалася хвілін 10, кажа сведка.

10:15.

Пачалі зачытваць пратакол апытання сведкі. Сведка заявіла, што падчас следства яе не апытвалі і што подпіс пад пратаколам і надпіс «з маіх словаў запісана правільна» – не ейныя.

Пасля сталі апытваць другую сведку – Марыю Бурлак.

10:06. Адзін са сведкаў не з’явіўся. Цяпер слухаюць сведку Ніну Патаповіч, якая была панятой.

09:58. У судзе шмат журналістаў, ёсць і прадстаўнікі амбасады Францыі ў Беларусі. Жалян праз перакладчыцу размаўляе з адвакатам, перадае наш карэспандэнт.

Пра тое, што адбывалася ў першы дзень судовага паседжання, глядзіце ў нашым відэасюжэце:

Пракурор абвінавачвае Жаляна Віё ў тым, што той наўмысна насіў пры сабе баявы патрон, які дагэтуль увёз з тэрыторыі Літвы, і што патрон знайшлі супрацоўнікі мытні на выездзе з Беларусі ў пакоі асабістага дагляду. Віё заяўляў, што спецыяльна пайшоў на «чырвоны калідор», каб прад’явіць рэчы і сувенірны патрон. Хлопец кажа, што разумее, у чым яго вінавацяць, але вінаватым сябе не прызнае.

24-гадовага француза затрымалі 21 верасня на памежным пункце пропуску Новая Гута, падчас выезду ва Украіну. Яго вярнулі назад у Гомель і змясцілі ў следчы ізалятар № 3.

Французу пагражае ад 2 да 7 гадоў зняволення.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў