У Гомлі пойдуць пад суд пяцёра прыхільнікаў расейскага неанацыста «Цесака»


Фота - «СБ-Беларусь сегодня»

Супрацоўнікі ГУБОПіК МУС кажуць пра «беспрэцэдэнтны рост неанацысцкіх настрояў» сярод беларускай моладзі – толькі ў мінулым годзе да крымінальнай адказнасці праваахоўнікі прыцягнулі 181 неанацыста. Пра гэта піша газета адміністрацыі прэзідэнта «СБ-Беларусь сегодня».

Па артыкуле 17.10 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, які прадугледжвае пакарання за прапаганду нацызму, у 2016 годзе прыцягнулі да адказнасці 50 чалавек (ў 2014 годзе – 7, у 2015 годзе – 15).

Па артыкуле 130 КК (распальванне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці або розні) у 2016 годзе было распачата 12 крымінальных справаў (у 2015-м – 3, у 2014-м – 1, а ў 2013-м – 0), а з пачатку 2017 года па гэтым артыкуле распачаты ўжо 25 падобных справаў.

Наогул па дадзеных праваахоўнікаў, у 2016 годзе за здзяйсненне розных злачынстваў (хуліганства, крадзяжы, рабаванні, вымагальніцтва, згвалтаванні, выкраданне людзей, супраціў міліцыянтам, захоўванне і продаж псіхатропаў, распаўсюджванне парнаграфіі і многія іншыя крымінальныя праявы) 181 удзельнік неанацысцкіх аб’яднанняў прыцягнуты да крымінальнай адказнасці.

Як піша газета «СБ-Беларусь сегодня», за хуліганства і іншыя злачынствы пойдуць пад суд як мінімум 5 гомельскіх прыхільнікаў забароненай у Расеі экстрэмісцкай арганізацыі «Фармат 18» – той самай, якой кіраваў скандальна вядомы Максім Марцінкевіч па мянушцы «Цясак».

Максім Марцінкевіч. Фота – ntv.ru

Цікава, што сам «Цясак» неаднаразова наведваў Беларусь, дзе запісваў відэаролікі з прапагандай сваіх поглядаў. 14 лютага 2013 года Марцінкевіч быў затрыманы ў Менску пасля бойкі з беларускімі антыфашыстамі. Адзін з беларусаў падчас той бойкі атрымаў колата-рэзаныя раны і трапіў у шпіталь. Марцінкевіч быў змешчаны ў СІЗА, супраць яго была распачатая крымінальная справа па артыкуле «злоснае хуліганства» – яму пагражала 10 гадоў турмы. Але ўжо 5 сакавіка 2013 года Марцінкевіча нечакана вызвалілі з-пад варты, а яшчэ праз месяц крымінальная справа супраць яго была закрытая. Восенню 2013 года, калі Марцінкевічу пагражаў чарговы крымінальны пераслед у Расеі, ён збег у Беларусь, а ўжо адтуль зʼехаў на Кубу – там у студзені 2014 года яго арыштавалі і экстрадыравалі ў РФ.

Таксама, паводле «СБ-Беларусь сегодня», у Гомлі за вымагальніцтва пад пагрозай гвалту і распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў быў арыштаваны актывіст гомельскай каляфутбольнай «брыгады» «Дружба». Лідар скінхэдаў з Асіповічаў прыцягнуты да адказнасці па крымінальным артыкуле 130 за «наўмысныя дзеянні, накіраваныя на ўзбуджэнне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай варожасці або розні, на прыніжэнне нацыянальнага гонару і годнасці». Па гэтым жа артыкуле пойдзе пад суд адзін з лідараў віцебскай нацы-групоўкі Northem vikings. Актывіст берасцейскай фанацкай групоўкі No comments арыштаваны за збыт 5,55 грама парашка з утрыманнем асабліва небяспечнага псіхатропнага рэчыва 4-СЕС, піша выданне.

 

ІІ, belsat.euмус

 

Глядзі таксама
Каментары