У Гомлі пачаўся суд над французам, які правозіў у кішэні сувенірны патрон


Крымінальную справу Жаляна Віё разглядае суд Гомельскага раёну. Яго вінавацяць у незаконнай перавозцы агнястрэльнай зброі і незаконным абароце забароненых рэчываў.

Пракурор абвінавачвае Жаляна Віё ў тым, што той наўмысна насіў пры сабе баявы патрон, які дагэтуль увёз з тэрыторыі Літвы, і што патрон знайшлі супрацоўнікі мытні на выездзе з Беларусі ў пакоі асабістага дагляду. Віё заяўляў, што спецыяльна пайшоў на «чырвоны калідор», каб прад’явіць рэчы і сувенірны патрон. Хлопец кажа, што разумее, у чым яго вінавацяць, але вінаватым сябе не прызнае.

На суд сабраліся каля 40 чалавек. Журналістам не дазваляюць увайсці ў залу суду і здымаць працэс. Усіх папрасілі выйсці.


24-гадовага француза затрымалі 21 верасня на памежным пункце пропуску Новая Гута, падчас выезду ва Украіну. Яго вярнулі назад у Гомель і змясцілі ў следчы ізалятар № 3.

Мытнікі сцвярджаюць, што Віё перасякаў мяжу пешшу і не задэклараваў патрон. Аднак з ліста Віё, дасланага на волю і апублікавнага ў сеціве вынікае, што Жалян адмыслова выбраў на мяжы «чырвоны калідор», каб прад’явіць рэчы і сувенірны патрон, які атрымаў ад варшаўскага сябры.

Французу пагражае ад 2 да 7 гадоў зняволення.

У сеціве стварылі петыцыю і заклікаюць вызваліць Жаляна Віё (Jolan Viaud).

Стужка навінаў