Першамайскі стрым з Гомлю: затрыманні і мітынг


Сёння ў Гомлі мае адбыцца санкцыяваны мітынг, перад якім міліцыя пачала затрымліваць мясцовых актывістаў.

13:10. Заканчваем наш відэаонлайн. Дзякуй за увагу!

13:00. Мітынг скончаны, але нашая трансляцыя працягваецца.

12:40. Прамаўляе Віталь Рымашэўскі.

12:35. Трансляцыю вядзем без мікрафону, які міліцыянты не прапусцілі падчас вобшуку.

12:32. Даехалі Вольга Кавалькова ды Віталь Рымашэўскі, які паспрабаваў патрапіць унутр агароджанай пляцоўкі, разгарнуўшы бел-чырвона-белы сцяг. Міліцыянты не дазволілі прайсці са сцягам.

12:30. Месца акцыі абнесенае турнікетамі, праз якія людзі, каб пазбегнуць вобшукаў, не хочуць праходзіць. Людзі стаяць па перыметры турнікетаў, у той час як у цэнтры прамаўляюць камуністычныя актывісты.

11:50. Кастусь Жукоўскі выязджаў ад свайго дому аўтам, але пяць невядомых асобаў паспрабавалі перакрыць яму дарогу. Выехаць усё ж атрымалася, пасля чаго аўта Жукоўскага пачаў пераследаваць «Samand». Кастусь Жукоўскі знаходзіцца ў салоне аўта, якое заглухла на святлафоры. За ягонай машынай стаіць згаданае аўта «Samand». Да журналісткі Марына Драбышэўскай раніцай прыходзілі міліцыянты, ёй удалося пазбегнуць затрымання, цяпер Марына знаходзіцца ў машыне з Кастусём Жукоўскім.

11:25. Аўта, якім прадстаўнікі БХД Віталь Рымашэўскі ды Вольга Кавалькова едуць з Менску ў Гомель на акцыю ўжо некалькі разоў спынялі супрацоўнікі ДАІ, «для праверкі дакументаў»

11:10. Супрацоўнікі ў цывільным з самай раніцы дзяжураць побач з домам Максіма Філіповіча. Відэаблогер паспрабаваў разам з жонкай выйсці з кватэры, як невядомыя, што сядзелі ў таніраванай «Ладзе», кінуліся насустрач. Максім з жонкай паспеў заскочыць назад у кватэру. Побач з ягоным домам заўважаны таксама мікрааўтобус.

10:35. Прыкладна а 10:20 затрымалі грамадскага актывіста Віктара Рубцова, паведамляе карэспандэнт Belsat.eu. Віктар праз тэлефон паспеў паведаміць і знаёмым, што яго затрымліваюць на выхадзе з дому.

Незадоўга да таго затрымалі актывіста Андрэя Макарава. Жонка актывіста наведала Цэнтральны РАУС Гомлю, дзе ёй паведамілі, што Андрэя Макарава падазраюць у крадзяжы ровару.


08:40. Грамадскага актывіста, інваліда Андрэя Макарава затрымалі і павезлі Цэнтральны РАУС гораду.

Пра гэта паведаміў карэспандэнт Belsat.eu.

1 траўня ў Гомлі мае адбыцца мітынг, дазволены гарадскімі ўладамі. Як патлумачыў заяўнік акцыі, прадстаўнік Беларускай партыі «Зялёныя» Юрый Глушакоў, а 12:00 грамадскія актывісты гораду збяруцца на мітынг, які будзе насіць сацыяльны характар.

Учора быў затрыманы незалежны журналіст Яўген Меркіс, які меўся весці для нашага сайту онлайн-стрым з санкцыянаванай акцыі. Журналіста затрымалі за тое, што ён нібыта лаяўся матам.

Чытайце таксама:

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў