У Гомлі могуць абрынуцца жылыя дамы

video

У Гомлі адбыліся другія грамадскія слуханні аб праблеме ўшчыльнення вуліцы Юбілейнай. Паводле жыхароў, якія пратэстуюць супраць узвядзення побач з іхнымі дамамі новых чатырох блокаў, да іх у двор ужо заяўляўся чыноўнік з мясцовай адміністрацыі, які паабяцаў, што аніякага будаўніцтва не будзе.

Чыноўнікі хаваюць твары і перашкаджаюць журналістам

«Прозвішча ён не назваў, не прадставіўся. Калі хацелі зняць яго, рукою захінаўся. Што гэта за прадстаўнік такі Чыгуначнага раёну, калі ён ад камеры захінаецца рукою?», – абураецца Людміла Дроніна, жыхарка вуліцы Юбілейнай.

Такія ж прадстаўнікі адміністрацыі, зрэшты, прыйшлі на сустрэчу з жыхарамі і гэтым разам. Першае, што яны зрабілі, – выклікалі міліцыю, каб выдаліць з памяшкання незалежных журналістаў.

Біць у званы трэба як мага хутчэй

Тым часам жыхароў Юбілейнай, якія на знак пратэсту таксама часткова пакінулі залу, зразумець можна. Чыноўнікам веры няма, а біць у званы трэба як мага гучней: дамы, каля якіх запланаваная новабудоўля, паставілі больш за сорак гадоў таму ды яшчэ і на рухомым грунце, праз што апорныя сцены ў іх палопаліся на некалькі паверхаў угару.

«Калі пачнуць капаць – вы самыя ведаеце, тэхніка цяжкая і ўсё такое – і наш дом можа папросту рухнуць!», – хвалюецца Марыя Арлова.

Аварыйны стан дамоў на Юбілейнай, дарэчы, зафіксаваў і інстытут «Гомельграмадзянпраект». Людзі тут жывуць у страху, што ў кожную хвіліну будынкі могуць папросту абрынуцца. Маштабнай жа будоўлі поруч яны не перанясуць дакладна.

Няўжо чыноўнікі гэтага не разумеюць?

«Калі чуваць голас народа, то прымаюць захады. А калі гэта камусьці зручна і выгодна – значыць, вось такія справы і робяцца!», – упэўненая тутэйшая спадарыня Вера Вішэніна.

Калі ж незалежных журналістаў з дапамогаю міліцыі ўсё-ткі выгналі з залы, прысутным жыхарам зачыталі пратакол з папярэдніх грамадскіх слуханняў, паводле якога камісія прызнала немэтазгодным рэалізоўваць праект ушчыльнення.
У дадатак чыноўнікі паабяцалі стварыць камісію, якая даследуе цяперашні стан аварыйных дамоў па Юбілейнай.

Валер Руселік, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары