У Гомлі кандуктарка накрычала і давяла да слёз школьніцу. Каментар аўтобуснага парку


Выпадак здарыўся ў аўтобусе № 34. Відэа з апісаннем канфлікту з’явілася ў суполцы «Гэта Гомель, дзетка!».

Кандуктарка Алена Белая запатрабавала ад школьніцы аплату за праезд. Тая прадʼявіла ёй даведку, што вучыцца. Супрацоўніца аўтапарку правяла сваю «экспертызу» і заявіла, што дакумент пратэрмінаваны (у даведцы год «2018» вельмі падобны да «2016»). Таксама жанчыну не задаволіла фота, на якім у дзяўчынкі коскі, а ў рэальнасці яна была з распушчанымі валасамі.

Школьніца вырашыла не спрачацца і адразу аплаціла праезд. Аднак Алена Белая вырвала з рук дзяўчынкі дакумент з крыкамі, што тая будзе ім карыстацца.

Маленькая пасажырка расплакалася. За яе заступіліся пасажыры. У выніку кандуктар вырвала з даведкі фота дзяўчынкі і аддала ёй без дакументу.

Справу пракаментавала намесніца дырэктара па перавозкам Гомельскага аўтобуснага парку Святлана Іванюк.

«Даведка ў кандуктара. Яна мае выходны. Зараз паедзем да яе забраць гэты дакумент і праглядзім яго дадаткова аж да таго, што аддамо на экспертызу. Мы толькі гэта ўсё пабачылі. Вы думаеце, што я сяджу ў інтэрнэце і за ўсімі назіраю? Каб рабіць высновы, трэба разабрацца», – пракаментавала «Белсату» намесніца дырэктара ў справе перавозаў Гомельскага аўтобуснага парку Святлана Іванюк.

У каментарах у суполцы шмат абурэнняў, ці мела Алена Белая права адбіраць даведку ў школьніцы.

«На месцы бацькоў я б напісала на яе скаргу і заяву ў міліцыю, за давядзенне дзіцяці да слёз. Хто ведае як дадзены ўчынак паўплывае на псіхіку».

«Толькі ў Гомлі так часта чапляюцца да школьных даведак і шукаюць нагоду, каб аплацілі за праезд».

«Пішыце заяву ў міліцыю. Яна адабрала і сапсавала афіцыйны дакумент».

Каментар праваабаронцы Насты Лойкі

«Крычаць нельга. Трэба пісаць скаргі і прыцягнуць кандуктарку да дысцыплінарнай адказнасці. Я б раіла напісаць скаргу ў Гомельскі аўтобусны парк і ў пракуратуру – правы дзяцей іх кампетэнцыя. Няхай бы яны далі адзнаку».

ДР belsat.eu

Стужка навінаў