У Гомлі чыноўнікі абяцалі новы гандлёвы цэнтр, потым – рынак, але дагэтуль няма нічога


Гомельскія чыноўнікі некалькі гадоў таму закрылі «Быхаўскі рынак», які месціўся ў Савецкім раёне гораду. На яго месцы абяцалі ўзвесці сучасны гандлёвы цэнтр. Гомельцы ўсцяж чакаюць: на месцы былога рынку – ні следу будоўлі. Пакуль жа па гародніну і садавіну мясцовым даводзіцца ездзіць прынамсі паўгадзіны аўтобусам.

Смецце ды бур’ян – гэтак выглядае тэрыторыя былога «Быхаўскага рынку» ў Гомлі. Пасля яго закрыцця тры гады таму гарадскія ўлады абяцалі пабудаваць на яго месцы гандлёвы цэнтр «Алмі», аднак працы так і не пачаліся.

«Тут існуе памыйніца, дзе людзі спраўляюць свае патрэбы, бегаюць кошкі і сабакі. У той час, калі гэты рынак такі вялікі раён забяспечваў прадуктамі, – было вельмі зручна», – падкрэсліла жыхарка Савецкага раёну Гомля.

Альтэрнатывай старому рынку меўся стаць новы, які мясцовыя ўлады абяцалі пабудаваць пасля няўдалага праекту з «Алмі». Аднак абяцанняў сваіх не стрымалі. А мясцовыя жыхары страцілі магчымасць купляць свежую гародніну, яйкі ды іншыя харчы хатняй вытворчасці побач з домам. На рынку нядорага таксама можна было набыць адзенне і абутак.

«Для гэтага мікрараёну выдатная была пляцоўка для людзей, у якіх агароды свае. Яны ж прадавалі тут усё сваё. Дык чаму па-новаму не аднавіць гэтага?» – заўважыў жыхар Савецкага раёну Гомля Аляксандр.

Мы паспрабавалі пачуць адказ на гэтае пытанне ў прыёмнай Гомельскага гарвыканкаму, аднак каментара так і не дачакаліся.

У Савецкім раёне, дзе раней размяшчаўся «Быхаўскі рынак», жывуць каля 180 тыс. чалавек. Да найбліжэйшага рынку цяпер даводзіцца ездзіць прынамсі 10 прыпынкаў.

«Трэба вярнуць рынак. Тут шмат пажылых людзей, і кожнаму трэба нешта купіць і не толькі тое, што ў краме, але і тут на базары. Бо ўсе нездаровыя, пажылыя людзі – пра іх таксама трэба думаць», – падкрэсліла жыхарка Савецкага раёну.

Пасля шматлікіх скаргаў гарвыканкам дазволіў гандаль на пляцоўцы ў двары дому насупраць закрытага рынку. Аднак гэтае месца гандляроў не задавальняе, пакупнікоў тут няшмат ды адсутнічаюць элементарныя ўмовы.

«Вельмі нязручна тут гандляваць. Тут праезная частка. Мы перашкаджаем людзям. І антысанітарыя, вядома», – адзначыў гандляр Міхаіл.

Гандляры спрабуюць зрэалізаваць свае тавары таксама на стыхійным рынку каля крамы «Еўраопт», з прычыны чаго ім часта даводзіцца мець праблемы з міліцыяй і падатковай.

«І нам няма куды падзецца, туліцца, каб дзесьці сваё прадаць», – заўважыла гандлярка Ганна.

Жыхары ж Савецкага раёну кажуць, што ім не трэба шмат. Каб толькі мясцовыя чыноўнікі іх пачулі ды стварылі годныя ўмовы для дробнага гандлю ў мікрараёне.

Кацярына Ерусалімская, «Белсат»

Стужка навінаў