У Гомлі аўтобус наехаў на нагу пасажыру. Ці будзе кампенсацыя?


Здарэнне адбылося 11 верасня каля 19 гадзіны на прыпынку «Жаркоўскага» ў Гомлі. Мужчыне раздушыла ступню, ён таксама атрымаў іншыя траўмы.

Аўтобус № 34 гомельскага парку № 1 высаджваў пасажыраў. Кіроўца пачаў зачыняць дзверы, не заўважыўшы апошняга мужчыну, які выходзіў з транспарту.

Дзверы заціснулі нагу гамельчука і аўтобус паехаў. Пасажыр паваліўся і на ягоную другую нагу наехала кола.

У гомельскім аўтобусным парку belsat.eu распавялі, што акалічнасці здарэння яшчэ высвятляюць.

«Пакуль нічога не вядома. Віна кіроўцы або не, разбіраюцца ў ДАІ. Калі віна кіроўцы, то будзе вырашана ці будзе пакаранне і якое. Праводзіцца экспертыза, пасля якой будзе складзены акт шкоды. Кожны наш пасажыр застрахаваны. Яму выплачваецца страхоўка», – кажа працаўнік аддзелу бяспекі гомельскага Аўтобуснага парку № 1.

Кампенсацыя можа быць, але не хутка

Намесніца начальніка гомельскага аддзелу медычнага страхавання «Белдзяржстраху» Святлана Васкова распавяла belsat.eu, колькі можа атрымаць пацярпелы ў выніку здарэння ў грамадскім транспарце.

Паводле закону, кожны пасажыр застрахаваны. Нават калі ў яго не было квітка. Спачатку пацярпелы павінен звярнуцца да перавозніка, а той складае акт прычынення шкоды здароў’ю або багажу. Як правіла, акт складаецца на аснове пастановы ДАІ і кампетэнтных органаў. Страхоўка выплочваецца на аснове вынікаў медэкспертызы.

«Экспертыза робіцца бясплатна, калі пацярпелы звярнуўся ў ДАІ і там выдалі скіраванне. У іншым выпадку пацярпелы робіць даследванні за свой кошт. Страхоўка выплочваецца, калі нанесена шкода пасажыру і гэта не яго віна. Напрыклад, у нецвярозым стане».

Страхоўку выплочвае кампанія, у якой застрахаваны перавознік. Кампенсацыя залежыць ад ступені цяжкасці шкоды, якую ў дакументах пазначыць судмедэксперт.

«У залежнасці ад гэтага будзе выплачаны адсотак. Усё распісана ва ўказе № 530. Цяжкія цялесныя – гэта 3000 еўраў, то бок 60 %. Максімум страхавой сумы – 5000 еўраў».

Святлана кажа, што выпадкаў шмат і звяртаюцца ў страхавую кампанію часта.

«У нас і маршрутчыкі і перавознікі, якія ажыццяўляюць міжнародныя рэйсы, застрахаваныя. Людзі падаюць, рукі ламаюць, атрымліваюць расцяжкі, удары».

У кожным выпадку, адзначае яна, прамежак часу паміж экспертызай і выплатаю грошай можа быць даволі доўгі. Таму неадкладна пасля здарэння трэба звяртацца да перавозніка.

Акрамя страхавых выплатаў, пацярпелы можа падаць на перавозніка ў суд і спагнаць маральную шкоду.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў