У Глуску 22-гадовы міліцыянт нападпітку наехаў на двух падлеткаў на ходніку


ДТЗ здарылася ўвечары 4 лютага на перасячэнні вуліц Кірава і Гастэла. П’яны кіроўца «Аўдзі 100» вылецеў на ходнік, дзе збіў двух 17-гадовых хлопцаў.

Пацярпелых шпіталізавалі. Цяпер праводзіцца праверка.

Паводле папярэдняй інфармацыі, аўтам кіраваў участковы Глускага РАУС.

Блогер Антон Матолька звяртае ўвагу на дзіўнае супадзенне.

«А вось што здарылася за содні на сайце УУС Глуску. Вельмі хутка была выдаленая інфармацыя пра Голуба Дзмітрыя Канстанцінавіча, лейтэнанта міліцыі Глускага РАУС. Супадзенне? Прасцей прызнаваць памылкі сваіх падначаленых, мне здаецца. А не выдаляць ў інтэрнэце інфармацыю. Гугл ўсё памятае».

Сапраўды, інфармацыі пра яго на сайце глускай міліцыі няма.

У МУС і Глускім РАУС каментароў не даюць.

Гэта не першы выпадак за апошні час, калі супрацоўнік міліцыі кіраваў у нецвярозым стане і праз гэта трапіў у ДТЗ. Некаторых прыцягвалі да адказнасці.

У 2008 годзе, паводле міліцэйскай зводкі, намеснік старшыні Лунінецкага РАУС збіў 14-гадовую дзяўчынку. Трыма гадамі пазней на Случчыне ў ДТЗ з удзелам пʼянага міліцыянта загінулі 2 асобы. У 2016-ым п’яны начальнік дарожнай аўтаінспекцыі з Баранавічаў збіў на смерць жанчыну. Трагедыя ў вёсцы Дарава ў Ляхавіцкім раёне 26 лістапада працягнула шэраг скандалаў вакол працаўнікоў міліцыі. На інцыдэнт неўзабаве адрэагаваў міністр унутраных справаў Ігар Шуневіч. Чыноўнік паабяцаў правесці чыстку ў шэрагах міліцыі.

ДР belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары