У Гарадзенскай вобласці налічылі 14 тысяч дармаедаў


Узровень занятасці ў Гарадзенскай вобласці – 77,7%. Тым не менш, колькасць незанятых жыхароў у працаздольным узросце ў 2013 годзе склала 142,4 тыс. чалавек, але не ўсе гэтыя людзі дармаеды.

86,6 тыс. чалавек – тыя, хто знаходзіцца ў адпачынку па цяжарнасці і родах, па доглядзе за дзіцём да трохгадовага ўзросту, з’яўляецца студэнтам ці навучэнцам, даглядае інвалідаў або пажылых людзей. Яшчэ 20,5 тыс. – гэта тыя, хто шукае працу.

«Але 14,4 тыс. грамадзянаў сёння не працуюць і не шукаюць працу, – кажа намеснік старшыні Гарадзенскага аблвыканкаму Віктар Лісковіч. – Менавіта яны павінны аказацца ў зоне асабліва пільнай увагі ўладаў».

На даручэнне старшыні аблвыканкаму Уладзіміра Краўцова цяпер фармуюцца спісы грамадзянаў, якія маюць запазычанасці ў аплаце камунальных паслуг, аліментаў, пазыкаў, якія немагчыма спагнаць. Мясцовыя ўлады рыхтуюць абследаванне ўмоваў іх пражывання разам з прадстаўнікамі органаў унутраных справаў, МНС, аховы здароўя, сацыяльнага абслугоўвання.

«Усе гэтыя грамадзяне будуць запрошаныя на паседжанні саветаў грамадскіх пунктаў аховы парадку, дзе будуць высвятляць прычыны незанятасці і планаваць меры па працаўладкаванні з удзелам работнікаў службы занятасці», – заявіў спадар Лісковіч.

Паводле яго, трэба мець на ўвазе, што не ўсе незанятыя грамадзяне на самай справе не працуюць.

«Маю на ўвазе тых, хто не працаўладкаваны афіцыйна, аднак мае даходы. І часцяком, немалыя. Гэта нелегальныя таксі, гаражныя аўтасэрвісы, паслугі па рамонце і здачы ў наём жылля, а таксама незаконны памежны гандаль алкаголем, палівам, тытунёвымі вырабамі, выезд на працу за мяжу без рэгістрацыі ў органах па грамадзянстве і міграцыі. Наша мэта – выявіць такія выпадкі і стварыць умовы для ўключэння гэтых людзей у легальную працоўную, прадпрымальніцкую дзейнасць», – адзначыў прадстаўнік Гарадзенскага аблвыканкаму.

Актыўна ўдзельнічаць у гэтым мусяць падатковая служба, мытныя і памежныя органы, піша сайт naviny.by са спасылкай на «Гродзенскую праўду».

МЯ, паводле naviny.by, grodnonews.by

Стужка навінаў