У Ганцавічах ратавалі дзяўчынку пасля ўколу лекаў: гэта трэці выпадак за тыдзень


Выпадак адбыўся 20 студзеня. Школьніца захварэла на гнойную ангіну. Участковы педыятр выпісаў дзіцяці прэпараты «Цэфтрыяксон» і «Лідакаін». Вечарам маці стала самастойна ўводзіць дачцэ лекі, і ў гэты час ёй стала дрэнна.

У яе было абцяжаранае дыханне, затым яна страціла прытомнасць. Спалоханая жанчына выклікала хуткую дапамогу. Медыкі прыбылі праз пяць хвілін. Яны аператыўна аказалі дзяўчынцы дапамогу, пазбавіўшы яе ад анафілактычнага шоку, затым даставілі ў рэанімацыю. Цяпер школьніца пераведзеная ў дзіцячае аддзяленне, дзе ёй лечаць ангіну.

Таксама ў гэты дзень у шпіталь з дыягназам «анафілактычны шок» паступіла яшчэ адна жыхарка Ганцавіцкага раёну. Ёй таксама аператыўна аказалі медычную дапамогу. Цяпер здароўю жанчыны нічога не пагражае.

20 студзеня ў рэанімацыю пасля інʼекцыі «Цэфтрыяксон» расейскай вытворчасці і беларускага лідакаіна ў Барысаве трапіў хлопчык. Праз дзесяць хвілін пасля ўвядзення прэпарата ў дзіцяці зʼявілася сып, галавакружэнне, ваніты, ён стаў губляць прытомнасць і задыхацца. Бацькі самі адвезлі дзіцяці ў шпіталь. Праз дваццаць хвілін пасля ўколу хлопчык трапіў у аддзяленне анестэзіялогіі і рэанімацыі Барысаўскага цэнтральнага раённага шпіталя. Лекары правялі комплекс рэанімацыйных мерапрыемстваў, у тым ліку штучную вентыляцыю лёгкіх.

Лекары лічаць, што алергічная рэакцыя магла быць не толькі на антыбіётык, але і на раствор лідакаіна. Хлопчык усё яшчэ ў шпіталі, медыкі ацэньваюць яго стан як цяжкі, хоць і адзначаюць пазітыўныя зрухі.

16 студзеня 31-гадовая жыхарка вёскі Цюрлі Маладзечанскага раёна прыйшла ў фельчарска-акушэрскі пункт з падазрэннем на вострую рэспіраторную вірусную інфекцыю. Паводле інфармацыі следчых, медыкі прапанавалі пацыентцы таблетку, але яна настаяла на інʼекцыі прэпарата – і неўзабаве пасля гэтага загінула. Па словах родных, жанчына ўзяла з сабой ампулу з антыбіётыкам, на які, верагодна, у яе развіўся анафілактычны шок. Па факце смерці жанчыны следчыя праводзяць праверку. Прызначаная экспертыза па лекавых сродках.

Пасля гібелі жанчыны пад Маладзечна ў Беларусі прыпынілі продаж і ўжыванне двух прэпаратаў, якія вырабляюцца на Барысаўскім заводзе медпрэпаратаў:

Цэфтрыяксон (парашок для падрыхтоўкі раствора для інʼекцый 1 г у флаконах, серыя 210 215);

Лідакаіна гідрахларыд (раствор для інʼекцый 10 мг/мл у ампулах 5 мл, серыя 650 916).

ДР belsat.eu паводле tut.by

Глядзі таксама
Каментары