У фуры на беларуска-літоўскай мяжы знайшлі 14 нелегалаў са Шры-Ланкі


Літоўскія памежнікі прасканавалі фуру на беларуска-літоўскай мяжы і выявілі нелегальных мігрантаў. Пасля праверкі высветлілася, што 49-гадовы расеец схаваў у грузавіку 14 грамадзян Шры-Ланкі, якія спрабавалі нелегальна трапіць на тэрыторыю Еўразвязу.

Па дакументах кіроўца перавозіў пластык, паведамілі ў памежнай службе Літвы.

Нелегалаў знайшлі ў пункце пропуску «Катлоўка – Лаварышкес» 21 сакавіка. Фуру з расейскімі нумарамі памежнікі вырашылі прасканаваць. Фігуры людзей памежнікі ўбачылі адразу, але спачатку прынялі іх за манекены. А потым засумняваліся і вырашылі праверыць аўтамабіль больш старанна. Высветлілася, што там хаваюцца людзі: 13 мужчын і адна жанчына.

Нелегалы ​​ехалі ў кузаве машыны стоячы некалькі сутак. На вуліцу яны не выходзілі нават у прыбіральню – карысталіся падгузнікамі. За час шляху людзі вельмі стаміліся і замерзлі. Усіх незаконных мігрантаў памежнікі адправілі ў шпіталь у горад Сантарос.

Нелегалам пагражае штраф або пазбаўленне волі да двух гадоў, кіроўца можа сесці ў турму на 8 гадоў. У чацвер, 22 сакавіка, яго арыштавалі на месяц.

КА, belsat.eu, паводле tut.by

Стужка навінаў