У ФСБ заявілі пра затрыманне ў Крыму чарговага «ўкраінскага дыверсанта»


Федэральная служба бяспекі Расеі паведаміла, што злавіла ў Сімферопалі ўкраінскага грамадзяніна, які, паводле ФСБ, рыхтаваў дыверсіі на тэрыторыі Крымскага паўвострава.

Пашкодзіць лінію электраперадачаў, падпаліць лес і сметнішча

А таксама абваліць камяні на дарогу 24-гадовы дыверсант, як сцвярджае ФСБ, павінен быў у раёне Судака. Расейскія спецслужбы называюць маладога чалавека працаўніком Службы бяспекі Украіны. Зʼявіўся і запіс допыту Лімешкі. Ён забывае словы і запытальна глядзіць на чалавека з іншага боку камеры.

«Увосень 2015 года я праходзіў падрыхтоўку ў складзе дыверсійна-разведвальнай групы. Мы навучаліся фізічнай падрыхтоўцы, стралковай падрыхтоўцы, выбуховай справе і тактыка-спецыяльнай падрыхтоўцы», – заявіў затрыманы.

Экіпіроўка дыверсанта

Украінец нібыта быў забяспечаны пілой, вяроўкай, ручной гранатай і фотаапаратам. У параўнанні з маштабнасцю ягоных задачаў уражвае, кажуць каментатары. Як распавёў сам Лімешка на запісе допыту, у Херсоне ён сустрэўся з працаўніком СБУ Андрэем, які і ўвёў маладога чалавека ў курс справы.

Працаўнікам ФСБ падзякаваў падкантрольны Крамлю кіраўнік анексаванага паўвострава. Сяргей Аксёнаў заявіў, што злоўлены Генадзь Лімешка – гэта чарговае сведчанне тэрарыстычнай сутнасці ўкраінскай улады.

У Кіеве да навіны пра «дыверсанта СБУ» паставіліся скептычна

«Лічым, што падобныя фальшывыя навіны патрэбныя расейскім спецслужбам для запалохвання насельніцтва паўвострава, якое ўсё часцей выказвае незадаволенасць акупацыйнымі ўладамі», – зазначылі ў кіраўніцтве СБУ.

Лімешка застанецца пад арыштам да сярэдзіны кастрычніка

Гэтая гісторыя выглядае як чарговая фікцыя, кажуць эксперты. Справы ўкраінскіх дыверсантаў – гэта паліва крамлёўскай прапаганды, якая навязвае крымчакам акупацыйныя парадкі, – мяркуе Грыгорый Фралоў. Але ўзнікаюць такія справы і з іншай прычыны.

«Машына рэпрэсіяў у Крыме на сённяшні момант да такой ступені раскручаная, што ёсць проста куча следчых, якія прыязджаюць з Расеі ў акупаваны Крым, каб зарабіць зорачкі. А зорачкі зарабляць без нейкай колькасці экстрэмісцкіх або тэрарыстычных справаў немагчыма», – тлумачыць дырэктар «Дому свабоднай Расеі» з Кіева.

Летась у Крыме затрымалі семярых украінскіх дыверсантаў

Працэс у іхнай справе працягваецца. Затрыманыя скардзіліся на жорсткія катаванні – іх падвешвалі за кайданкі, білі токам па геніталіях. Двое з іх пайшлі пасля гэтага на дамову са следствам. Аднаго – Уладзіміра Прысіча – ужо асудзілі. Праўда, не за дыверсію, а за захоўванне наркотыкаў.

Але нягледзячы на рэгулярныя пасадкі і рэпрэсіі – асабліва ў дачыненні крымскіх татараў – пратэставыя настроі ў Крыме нарастаюць, ацэньваюць эксперты.

«Людзі зʼядналіся. Пратэстныя настроі сталі пераходзіць да спланаваных, лагічных, паслядоўных акцыяў. Натуральна, гэта вельмі не падабаецца мясцовым сілавікам. Натуральна, гэта вельмі не падабаецца акупацыйнай уладзе. Таму рэпрэсіі працягваюць нарастаць», – дадаў спадар Фралоў.

ФСБ: спрабуем выявіць змоўшчыкаў затрыманага

У Крыме, як кажуць эксперты, не было такой справы, якая б з аднаго чалавека не разраслася да некалькіх абвінавачаных. Такія традыцыі ў крымскага жніўня.

Маша Макарава, Сцяпан Святлоў, «Белсат»

Стужка навінаў